Мазаіка Багародзіцы з Гетшвалда ў Ватыканскіх садах Мазаіка Багародзіцы з Гетшвалда ў Ватыканскіх садах  (© Copyright by Direzione delle Telecomunicazioni e dei Sistemi Informatici)

У Ватыканскіх садах з’явілася мазаіка Багародзіцы з Гетшвалда

У Ватыканскіх садах адкрылі мазаіку Маці Божай з Гетшвалда, якая стала знакам сыноўняй любові польскага народа да Папы і падтрымкі яго служэння.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У аўторак раніцай, 30 чэрвеня 2026 года, у Ватыканскіх садах усталявалі новую марыйную мазаіку. Гэты вобраз Маці Божай з Гетшвалда з’яўляецца падарункам Канферэнцыі Біскупаў Польшчы і Вармінскай архідыяцэзіі.

Праз гэты знак вернікі выказваюць пачуцці глыбокай пашаны і малітоўную падтрымку Пантыфіку ў яго служэнні на карысць усяго Касцёла. У наступным годзе будзе адзначацца 150-я гадавіна марыйных аб’яўленняў у польскай вёсцы.

Арыгінал гэтай іконы знаходзіцца ў галоўным алтары базілікі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гетшвалдзе. На ім Найсвяцейшая Панна ў чырвонай сукенцы і цёмна-сінім плашчы трымае Дзіцятка Езус на левай руцэ. У верхняй частцы два анёлы падтрымліваюць стужку з надпісам "Ave Regina Caelorum, Ave Domina Angelorum". Гэты праект рэалізаваны дзякуючы сумесным намаганням Пасольства Польшчы пры Святым Пасадзе, майстэрні "Le Musa" з Кастэль-Гандольфа і службаў ватыканскага Губернатарата.

Падчас урачыстасці Старшыня Губернатарата сястра Рафаэла Петрыні адзначыла радасць ад адкрыцця новай мазаікі. Маці Божая з’явілася дзяўчынкам Юстыне Шафрыньскай і Барбары Самулоўскай у 1877 годзе. Найсвяцейшая Панна тады звярнулася з заклікам: "Жадаю, каб кожны дзень вы маліліся на Ружанцы". Яна з’яўлялася дзецям штодня з 27 чэрвеня па 16 верасня ў вельмі складаны для рэгіёна Варміі і Мазур перыяд.

У тыя часы тэрыторыя знаходзілася пад прускім кантролем, а ўлады былі варожа настроены да каталіцкага насельніцтва. З 1873 года ў школах забаранілі польскую мову і ліквідавалі рэлігійныя кангрэгацыі, акрамя тых, што дапамагалі хворым. У такі цяжкі гістарычны момант аб’яўленне Панны Марыі суцешыла вернікаў. Яна паабяцала канец пераследу Касцёла пры ўмове трывалай і руплівай малітвы.

Петрыні выказала надзею на тое, што кожны, хто ўбачыць гэты вобраз у Ватыканскіх садах, павінен адчуць заахвочванне ісці за заклікам Марыі да больш інтэнсіўнага малітоўнага жыцця, каб навучыцца сузіраць прыгажосць аблічча Хрыста і спазнаць глыбіню Яго любові.
 

01 ліпеня 2026, 10:59