Інстытут рэлігійных спраў: прызначаны новы генеральны дырэктар
Марыя Валодзіна - Vatican News
15 ліпеня 2026 года Інстытут рэлігійных спраў (IOR) паведаміў пра прызначэнне Джавані Боша новым генеральным дырэктарам. Рашэнне прыняла Назіральная рада банка, а Камісія кардыналаў зацвердзіла яго. Як гаворыцца ў афіцыйным паведамленні IOR, прызначэнне адпавядае прынцыпам празрыстасці, стабільнасці і выразнага размежавання назіральных, кіраўнічых і выканаўчых функцый.
55-гадовы Джавані Боша працуе ў Інстытуце рэлігійных спраў з 2019 года. Ён займаў пасады кіраўніка фінансавага аддзела і фінансавага дырэктара, пазней узначаліў аддзел інвестыцый, а з 2023 года быў намеснікам генеральнага дырэктара. Ён мае амаль трыццацігадовы досвед працы ў міжнародных фінансавых установах і інвестыцыйных кампаніях, сярод якіх Salomon Brothers, Citigroup, RBS і Credit Suisse First Boston.
Кар’ера Джавані Боша развівалася пераважна ў Лондане, дзе ён працаваў у вядучых інвестыцыйных банках і фондах. Да прыходу ў IOR ён узначальваў аддзел фіксаваных даходаў і крэдытавання ў Quaestio Capital SGR. Боша з адзнакай скончыў міланскі Універсітэт Bocconi, атрымаў ступень магістра фінансаў і MBA у Лонданскай школе бізнесу, а таксама мае прафесійныя кваліфікацыі CFA, CAIA і FRM.
Старшыня Назіральнай рады Франсуа Палі падзякаваў Джан-Франку Мамі за адзінаццаць гадоў самаадданай працы, адзначыўшы яго ўклад ва ўмацаванне празрыстасці, кантролю і адпаведнасці міжнародным стандартам. Ён таксама выказаў упэўненасць, што Джавані Боша будзе кіраваць Інстытутам рэлігійных спраў у поўнай адпаведнасці з яго місіяй падтрымкі Папы, Святога Пасада і Паўсюднага Касцёла.