Сінод Біскупаў: дапаможнік для дыяцэзіяльных асамблей
Аляксандр Панчанка – Vatican News
27 ліпеня 2026 года Генеральны сакратарыят Сінода Біскупаў апублікаваў дапаможнік з крытэрыямі і практычнымі ўказаннямі для падрыхтоўкі і правядзення сінадальных асамблей, якія пройдуць у першай палове 2027 года на ўзроўні дыяцэзій і епархій. Дакумент адрасаваны біскупам і мясцовым сінадальным групам. Яго назва – “Успомніць. Суправаджаць падрыхтоўку ацэначнай асамблеі мясцовага Касцёла”.
Мэта дакумента, які быў апублікаваны на сайце www.synod.va, – дапамагчы дыяцэзіям і епархіям у падрыхтоўцы і правядзенні іх асамблей па ацэнцы рэалізацыі рашэнняў Сінода аб сінадальнасці.
Дапаможнік “запрашае кожны мясцовы Касцёл пераглядзець з удзячнасцю і шчырасцю той шлях, які быў пройдзены на этапе рэалізацыі Сінода, каб распазнаць саспелыя плёны і наступныя крокі, да якіх ён пакліканы”.
Дакумент не прапануе канкрэтнай мадэлі для падрыхтоўкі і правядзення сінадальнай асамблеі, а толькі ўказвае на магчымы шлях, прапануючы пытанні, крытэрыі і некаторыя практычныя рэкамендацыі, якія можна адаптаваць да кожнага мясцовага кантэксту.
Тэкст складаецца з дзвюх частак. Першая дапамагае падрыхтаваць справаздачу пра тое, як мясцовы Касцёл прайшоў сінадальны шлях. Для гэтага прапануецца азірнуцца назад і зрабіць тры крокі: успомніць, што адбылося; распазнаць важныя знакі і падзеі; зразумець, якія змены ўжо пачаліся.
Другая частка дакумента тлумачыць, як падрыхтаваць і правесці ацэначную асамблею, якую склікае біскуп. Па яе выніках павінна быць складзена канчатковая версія справаздачы і падрыхтаваны Ліст да іншых Касцёлаў. Адзначаецца, што такія лісты працягваюць старажытную хрысціянскую традыцыю, калі супольнасці пісалі адна адной, каб сведчыць пра сваю веру і адзінства.
Падкрэсліваецца, што справаздача і Ліст да іншых Касцёлаў – гэта ўклад кожнага мясцовага Касцёла ў агульны сінадальны шлях усяго Касцёла. Яны адлюстроўваюць прынцып узаемнага абмену вопытам і духоўнымі дарамі.
Пасля зацвярджэння біскупам гэтыя дакументы будуць накіраваны ў нацыянальную або рэгіянальную сінадальную групу, а таксама ў Генеральны сакратарыят Сінода Біскупаў. Гэта павінна адбыцца да 30 чэрвеня 2027 года.
Пасля Дыяцэзіяльных і Епархіяльных асамблей у другой палове 2027 года адбудуцца сустрэчы на ўзроўні Біскупскіх Канферэнцый і іерархічных структур Усходніх Каталіцкіх Цэркваў. У першай палове 2028 года пройдуць Кантынентальныя асамблеі, а ў кастрычніку 2028 года ў Ватыкане адбудзецца Агульнакасцёльная асамблея з удзелам Папы, якая падвядзе вынікі ўсяго гэтага шляху.