Парадак вяртання ў еднасць з Касцёлам членаў Брацтва святога Пія X
Аляксандр Панчанка – Vatican News
У дакуменце Апостальскай Сталіцы, які быў абнародаваны 2 ліпеня 2026 года, гаворыцца, што святар, які вырашыў пакінуць Святарскае брацтва святога Пія X і гатовы прыняць Другі Ватыканскі Сабор і законнасць “novus ordo Missae”, застаючыся прывязаным да “usus antiquior”, павінен “знайсці ардынарыя (дыяцэзіяльнага біскупа, вышэйшага настаяцеля святарскага інстытута кансэкраванага жыцця або таварыства апостальскага жыцця папскага права і г.д.), які будзе гатовы прыняць яго “ad experimentum”.
Святар павінен уласнаручна напісаць ліст да Святога Айца, прадставіцца ў ім і папрасіць аб зняцці кананічных пакаранняў, накладзеных з прычыны пасвячэння, атрыманага ад экскамунікаванага або кананічна нерэгулярнага біскупа, або з-за таго, што, будучы пасвечаны дзейсным і законным чынам, пазней уступіў у Святарскае брацтва святога Пія X.
Святар павінен далучыць пасведчанне аб прэзбітэрскім пасвячэнні, а таксама “Professio fidei” і “Formula adhaesionis”, падпісаныя і датаваныя. Гаворка ідзе пра Вызнанне веры, у якім абагульняецца змест каталіцкай веры, і Формулу прыналежнасці, у якой святар абяцае вернасць Папу, абавязваючыся не выступаць публічна супраць яго і яго навучання; заяўляе аб прыняцці палажэнняў 25-га пункта дагматычнай канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабору “Lumen gentium” адносна паслухмянасці навучанню Касцёла; дэкларуе, што прызнае дзейснай цэлебрацыю Імшы і сакрамэнтаў паводле абрадаў, якія змяшчаюцца ў тыпавых выданнях Рымскага Імшала і Рытуала, выдадзеных Паўлам VI і Янам Паўлам II; і абяцае прытрымлівацца агульнай дысцыпліны Касцёла і нормаў Кодэкса кананічнага права, прамульгаванага Янам Паўлам II.
Ардынарый павінен накіраваць усе гэтыя дакументы ў Дыкастэрыю веравучэння разам з суправаджальным лістом, у якім павінен выказаць “гатоўнасць прыняць святара “ad experimentum” у сваёй дыяцэзіі або інстытуце”. Пасля атрымання дакументаў Дыкастэрыя рыхтуе рэскрыпт аб зняцці кананічных пакаранняў, дазваляючы ардынарыю прыняць святара “на выпрабавальны тэрмін не менш за адзін год і не больш за тры гады, пасля заканчэння якога можна будзе распачаць працэс яго інкардынацыі”.
Парадак прыняцця ў поўную еднасць з Каталіцкім Касцёлам свецкіх вернікаў, якія фармальна далучыліся да Брацтва святога Пія X або ўдзельнічаюць у яго жыцці, звязаны “з пытаннем аб іх вінаватасці або ступені суб’ектыўнай адказнасці”. Падкрэсліваецца, што накладанне кананічнага пакарання на свецкіх членаў Брацтва не можа быць аўтаматычным і “павінна ацэньвацца ў кожным выпадку асобна”.
“Паколькі вінаватасць патрабуе поўнага ўсведамлення і свядомай згоды, прыклады даказанай вінаватасці могуць датычыць: свецкіх вернікаў, якія з’яўляюцца членамі Трэцяга ордэна Святарскага брацтва святога Пія X; свецкіх вернікаў, якія рэгулярна ўдзельнічаюць у набажэнствах Святарскага брацтва святога Пія X, фармальна падзяляючы яго дактрынальныя пазіцыі”, - гаворыцца ў дакуменце.
Парадак прыняцця свецкіх вернікаў, якія належаць да Брацтва святога Пія X, на якіх было накладзена кананічнае пакаранне і якія просяць прыняць іх у поўную еднасць з Каталіцкім Касцёлам, “прадугледжвае фармальны акт поўнага прыняцця каталіцкага веравучэння і паслухмянасці каталіцкай іерархіі пад юрысдыкцыяй ардынарыя месца, які з’яўляецца гарантам еднасці мясцовага Касцёла”.
Таму свецкі вернік, які вырашыў пакінуць Святарскае брацтва святога Пія X, павінен прадставіць свайму біскупу “Professio fidei” і “Formula adhaesionis”, падпісаныя і датаваныя. “Пасля атрымання гэтай дакументацыі ардынарый месца паклапоціцца пра прыняцце свецкага верніка ў той час і такім спосабам, якія палічыць найбольш адпаведнымі”, - гаворыцца ў інструкцыі.
У дакуменце ўдакладняецца, што не павінны лічыцца вінаватымі: свецкія, якія наведвалі Святарскае брацтва святога Пія X выключна з літургічных або духоўных прычын; свецкія, якія, хоць і ведаюць пра напружаныя адносіны са Святым Пасадам, не адмаўляюць навучанне Касцёла або аўтарытэт Рымскага Пантыфіка. Ім будзе дастаткова звярнуцца “да святара, які знаходзіцца ў поўнай еднасці з Касцёлам”, прыняўшы рашэнне ў будучыні больш не наведваць Святарскае брацтва святога Пія X.