Нунцый у Вялікабрытаніі: візіт Папы – верагодны і жаданы
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Папскі дыпламат адзначыў, што такая паездка была б натуральным візітам у адказ на леташні дзяржаўны візіт караля Карла III у Ватыкан. Апошнім Пантыфікам, які здзейсніў афіцыйны візіт у Вялікабрытанію, быў Бэнэдыкт XVI у 2010 годзе.
На думку нунцыя, Леў XIV, як першы за больш чым восем стагоддзяў англамоўны Папа, быў бы прыняты ў Вялікабрытаніі асаблівым чынам, а яго пасланне магло б дайсці да ўсяго англамоўнага свету.
Арцыбіскуп Маўры Буэндыя таксама падкрэсліў, што мясцовыя біскупы спадзяюцца на тое, што папскі візіт паспрыяе ажыўленню рэлігійнага жыцця ў адным з самых секулярызаваных грамадстваў Еўропы, дзе “духоўная пустэча апошніх дзесяцігоддзяў саступае месца ціхаму хрысціянскаму адраджэнню сярод новых пакаленняў”. Гэтаму таксама спрыяюць мігранты і іх нашчадкі, якія ўмацоўваюць жыццё парафій.
Нунцый выказаў надзею на тое, што пантыфікат цяперашняга Папы “абудзіць сумленне Захаду”, падобна таму, як пантыфікат святога Яна Паўла II паўплываў на перамены ва Усходняй Еўропе, што дазволіла Касцёлу зноў дыхаць на поўныя грудзі абодвума сваімі лёгкімі.
Падсумоўваючы амаль 40 гадоў сваёй дыпламатычнай службы, у тым ліку ў Руандзе і краінах Цэнтральнай Азіі, арцыбіскуп Маўры Буэндыя падкрэсліў, што мэта дыпламатыі Апостальскай Сталіцы – не адстойванне эканамічных інтарэсаў, а гарантаванне незалежнасці Папы, прасоўванне годнасці чалавека, павагі да правоў чалавека і духоўнага вымярэння жыцця.