Схізма Лефеўра паўтараецца праз 38 гадоў
Андрэа Тарніелі / Адаптацыя: Марыя Валодзіна
Гэта складаная гісторыя напоўненая шчодрымі спробамі дасягнуць згоды, адчыненымі дзвярыма і прапанаванымі магчымасцямі. Гэта балючая гісторыя пазначаная двума сур'ёзнымі расколамі, якія прывялі да таго, што Брацтва святога Пія X, заснаванае арцыбіскупам Марселем Лефеўрам, аддзялілася ад Папы і выйшла з еднасці з Рымскім Касцёлам, здзейсніўшы схізматычны акт пасвячэння біскупаў без папскага мандата і супраць волі Намесніка Хрыста. Раскол, які адбыўся 1 ліпеня 2026 года, мае цяжкія наступствы не толькі для лефебрысцкіх біскупаў і святароў, але і для вернікаў, паколькі – як гаворыцца ў тлумачальнай запісцы Дыкастэрыі веравучэння – святары Брацтва незаконна ўдзяляюць сакрамэнты, а ўдзелены імі сакрамэнт пакаяння і сужэнствы, пры якіх яны асістуюць, з'яўляюцца несапраўднымі.
Рашэнні Лефеўра
Падчас Другога Ватыканскага Сабора французскі арцыбіскуп Марсель Лефеўр, хоць і належаў да меншасці, якая выступала супраць некаторых рэформ, тым не менш падпісаў Канстытуцыю аб літургіі (“Sacrosanctum Concilium”) і Дэкларацыю аб рэлігійнай свабодзе (“Dignitatis humanae”). Варта таксама нагадаць, што Лефеўр служыў Імшу 1965 года, у якой ужо былі адлюстраваны першыя – яшчэ эксперыментальныя – літургічныя рэформы.
Заснаваўшы ў 1970 годзе Брацтва святога Пія X з семінарыяй у швейцарскім Эконе, і атрымаўшы прызнанне дыяцэзіяльнага біскупа Франсуа Шар'ера, Лефеўр адмовіўся цэлебраваць літургію паводле новага Рымскага імшала, а ў 1974 годзе назваў саборныя рэформы, “інавацыямі, якія руйнуюць Касцёл”. 21 лістапада 1974 года ён пісьмова заявіў пра непрыняцце “неамадэрнісцкага і неапратэстанцкага Рыма”, Другога Ватыканскага Сабора і яго рэформ.
Дыяцэзія адклікала сваё прызнанне Брацтва, аднак Святы Пасад імкнуўся да дыялогу з арцыбіскупам Лефеўрам. Павел VI стварыў камісію для разгляду яго просьбаў і ў 1975 годзе папрасіў Лефеўра закрыць семінарыю ў Эконе і не здзейсняць новых святарскіх пасвячэнняў. Папа тройчы пісаў арцыбіскупу і адпраўляў сваіх прадстаўнікоў у штаб-кватэру традыцыяналістаў. Пасля чарговай адмовы Марсель Лефеўр быў адхілены ад пасады a divinis. Яму забаранялася цэлебраваць Імшу. Тым не менш, у жніўні 1975 года ён узначаліў літургію ў прысутнасці дзесяці тысяч вернікаў і чатарохсот журналістаў, атрымаўшы велізарную ўвагу СМІ. У верасні 1976 года ён быў прыняты Папам на аўдыенцыі ў Кастэль-Гандольфа, аднак размова ні да чаго не прывяла. Размаўляючы ў верасні 1976 года з французскім філосафам Жанам Гітонам, які прасіў яго зрабіць “усё магчымае і немагчымае, каб пазбегнуць” расколу, Павел VI назваў гэта “першым сапраўдным крыжам” свайго пантыфікату. Ён дадаў, што не бачыць магчымасці не ператварыць адсутнасць еднасці ў экскамуніку. Насамрэч гэтага не адбылося. Пройдуць не месяцы, а гады, нягледзячы на пастаянна працягнутую руку Наступніка Пятра.
Дактрынальнае пагадненне, падпісанае Лефеўрам
З абраннем Яна Паўла II Лефеўр, здавалася, паглядзеў на Рым іншымі вачыма. 18 лістапада 1978 года ён быў прыняты на аўдыенцыі, і ў лісце ад 8 сакавіка 1980 года заявіў, што не сумняваецца ў легітымнасці новага Папы і што ён ніколі не сцвярджаў, што паслясаборная Імша сама па сабе несапраўдная або ерэтычная. Пагадненне аб прынамсі частковым урэгуляванні разнагалоссяў і зняцці забароны a divinis здавалася магчымым праз дзесяць гадоў пасля той сустрэчы з Янам Паўлам II. У красавіку 1988 года кардынал Ёзэф Ратцынгер, прэфект Кангрэгацыі веравучэння, разам з сакратаром Дыкастэрыі арцыбіскупам Альберта Бавоне асабіста правёў складаныя трохдзённыя перамовы з арцыбіскупам Лефеўрам і некаторымі яго супрацоўнікамі. Вынікам стаў дактрынальны пратакол, падпісаны Ратцынгерам і Лефеўрам 5 мая 1988 года: біскуп і члены Брацтва святога Пія X абяцалі быць вернымі Касцёлу і Пантыфіку, прымалі вучэнне Другога Ватыканскага Сабора, якое змяшчаецца ў пункце 25 “Lumen gentium” і абавязваліся падтрымліваць сувязь з Святым Пасадам, пазбягаючы спрэчак адносна некаторых пунктаў, выкладзеных Саборам, або адносна наступных рэформ літургіі і права. Яны таксама прызнавалі сапраўднасць Імшы і сакрамэнтаў паводле абрадаў, уведзеных Паўлам VI і Янам Паўлам II. Акрамя таго, Брацтва павінна было стаць Таварыствам апостальскага жыцця і карыстацца поўнай аўтаноміяй. Прадугледжвалася таксама пасвячэнне аднаго біскупа з ліку членаў Брацтва. Здавалася, усё было вырашана.
Першы схізматычны акт
6 мая 1988 года Лефеўр адмовіўся ад пагаднення, абвясціўшы кардыналу Ратцынгеру пра намер пасвяціць новых біскупаў 30 чэрвеня. Магчыма, ён асцерагаўся, што Рым не абярэ кандыдатаў на епіскапат сярод духавенства Брацтва і новы біскуп прыйдзе звонку. Наступная сустрэча 24 мая ні да чаго не прывяла, і 2 чэрвеня Лефеўр напісаў Яну Паўлу II аб тым, што ён і яго паслядоўнікі будуць чакаць больш спрыяльнага моманту для вяртання Рыма да традыцыі, молячыся, каб сённяшні Рым, заражаны мадэрнізмам, вярнуўся да каталіцкага Рыма.
29 чэрвеня, за дваццаць чатыры гадзіны да пасвячэнняў, кардынал Ратцынгер даслаў арцыбіскупу Лефэўру тэлеграму з заклікам дзеля любові да Хрыста і Яго Касцёла адмовіцца ад пасвячэнняў. Але Лефеўр ужо прыняў рашэнне, і на наступны дзень разам з бразільскім біскупам Антоніу дэ Кастру Маерам пасвяціў у біскупы чатырох святароў: Бернарда Феле, Альфонса дэ Галарэта, Рычарда Уільямсана і Бернарда Цісье дэ Малера. 1 ліпеня 1988 года набыла моц экскамуніка latae sententiae за схізматычны акт.
У наступныя гады Святы Пасад праяўляў гатоўнасць прапанаваць кананічныя рашэнні, тады як лефебрысты працягвалі спасылацца на адсутнасць “дактрынальнай яснасці”, фактычна патрабуючы ад Касцёла і Папы адмовы ад некаторых частак Сабора і паслясаборнага вучэння.
Паломніцтва 2000 года і саступкі Бэнэдыкта XVI
У жніўні 2000 года лефебрысты здзейснілі юбілейнае паломніцтва ў Рым, і біскуп Феле быў прыняты Янам Паўлам II. Кантакты актывізаваліся пры Бэнэдыкце XVI, які, прыняўшы два рашэнні з розніцай у два гады, задаволіў патрабаванні традыцыяналістаў. 7 ліпеня 2007 года ў motu proprio “Summorum Pontificum” ён дазволіў свабоднае выкарыстанне дасаборнага Рымскага імшала 1962 года, а 24 студзеня 2009 года зняў экскамуніку з чатырох біскупаў, незаконна пасвечаных Лефеўрам у 1988 годзе. Гэтае рашэнне аб прымірэнні было азмрочана інтэрв'ю з адным з рэабілітаваных біскупаў, Рычардам Уільямсанам, які адмовіў факт знішчэння нацыстамі яўрэяў у газавых камерах. Інтэрв'ю выклікала жорсткую палеміку супраць Папы, які пасля зняцця экскумунікі спадзяваўся на імкненне лефебрыстаў да поўнай еднасці з Касцёлам.
Прэамбула 2011 года і паўнамоцтвы Францішка
У верасні 2011 года, па завяршэнні серыі дактрынальных дыскусій, Святы Пасад папрасіў Брацтва падпісаць кароткі дакумент аб прыняцці вучэння Папы і калегіі біскупаў, не выключаючы магчымасці працягу тэалагічнай дыскусіі вакол дакументаў Другога Ватыканскага Сабора. Біскуп Феле палічыў гэты дакумент непрымальным.
У наступныя гады дактрынальныя прэамбулы былі адкладзены, і разглядаліся кананічныя рашэнні, такія як апостальская адміністратура або персанальная прэлатура, але тагачасны настаяцель біскуп Феле даў зразумець, што кананічнае прызнанне не з'яўляецца прыярытэтам Брацтва.
Пры Францішку, падчас Юбілею Міласэрнасці 2016 года, святарам Брацтва былі нададзены спецыяльныя паўнамоцтвы для споведзі. Гэтая мера стала жэстам пастырскай адкрытасці да вернікаў. Апостальскім лістом “Misericordia et Misera” гэтыя паўнамоцтвы былі падоўжаныя на пастаяннай аснове. Нягледзячы на адмену экскамунікі ў 2009 годзе, святары Брацтва працягвалі дзейнічаць без афіцыйных рамак звычайнай касцёльнай юрысдыкцыі. Гэтым актам Францішак жадаў распачаць дыялог і прымірэнне на карысць паслядоўнікаў Брацтва.
Новая схізма, несапраўдныя споведзі і сужэнствы
2 лютага 2026 года Брацтва святога Пія X абвясціла аб тым, што новыя біскупы будуць пасвечаныя 1 ліпеня. 12 лютага Генеральны настаяцель Брацтва ксёндз Давідэ Пальярані быў прыняты ў Рыме кардыналам Віктарам Мануэлем Фернандэсам, прэфектам Дыкастэрыі веравучэння. Прэфект прапанаваў лефебрыстам шлях спецыфічна тэалагічнага дыялогу з вельмі дакладнай метадалогіяй па пытаннях, якія яшчэ не дастаткова высветлены, каб вызначыць неабходны мінімум для поўнай еднасці з Касцёлам і знайсці кананічнае рашэнне: “Магчымасць правядзення гэтага дыялогу прадугледжвае, што Брацтва прыпыніць рашэнне аб абвешчаных біскупскіх пасвячэннях”.
Нягледзячы на паўторныя заклікі і запрашэнні да дыялогу, лефебрысты на словах заяўляюць пра паслухмянасць Наступніку Пятра, але на практыцы здзейсняют свой намер, што азначае новы раскол. Адказваючы на пытанні журналістаў у Кастэль-Гандольфа 16 чэрвеня 2026 года, Леў XIV заявіў: “Вядома, падзел сярод хрысціян – гэта заўсёды балюча, але яны адмаўляюцца прыняць фундаментальныя элементы Касцёла, пачынаючы з некаторых пунктаў Другога Ватыканскага Сабора. Калі яны зробяць такі выбар, мне вельмі шкада, але мы павінны ісці нaперад".