Пошук

Сядзіба Інстытута рэлігійных спраў Сядзіба Інстытута рэлігійных спраў  (© Vatican Media)

Інстытут рэлігійных спраў: справаздача аб устойлівым развіцці

Інстытут рэлігійных спраў (IOR) апублікаваў Справаздачу аб устойлівым развіцці за 2025 год, пацвердзіўшы сваю прыхільнасць развіццю празрыстага і адказнага фінансавага кіравання.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У дакуменце, які быў абнародаваны 28 ліпеня 2026 года, паведамляецца пра фінансавыя вынікі ўстановы і пра тое, як яна імкнецца сумяшчаць банкаўскую дзейнасць з прынцыпамі сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла.

Адзначаецца, што IOR працягвае весці празрыстую і адказную фінансавую палітыку, звяртаючы ўвагу не толькі на прыбытак, але і на ўплыў сваёй дзейнасці на людзей, грамадства і навакольнае асяроддзе. Пры выбары інвестыцый Інстытут пазбягае кампаній, дзейнасць якіх супярэчыць каталіцкім каштоўнасцям, напрыклад, шкодзіць чалавечаму жыццю, экалогіі або парушае прынцыпы адказнага кіравання.

Паводле справаздачы, усе інвестыцыйныя праграмы Інстытута рэлігійных спраў у 2025 годзе адпавядалі этычным нормам Касцёла і прынеслі станоўчы фінансавы вынік.

З эканамічнага пункту гледзішча, у 2025 годзе IOR згенераваў даход у памеры 67,6 мільёна еўра, (50 мільёнаў еўра ў 2024 годзе), пры гэтым чысты прыбытак склаў 51 мільён еўра (31 мільён еўра годам раней). Створаная вартасць была размеркавана наступным чынам: 36 працэнтаў перададзена Пантыфіку, 23 працэнты выплачана супрацоўнікам у выглядзе зарплат і дапамог, 14 працэнтаў аплачана пастаўшчыкам за паслугі, а астатняя частка была накіравана на ўмацаванне капіталу Інстытута дзеля забеспячэння яго фінансавай ўстойлівасці і доўгатэрміновай стабільнасці.

Кіраванне даверанымі актывамі таксама дазволіла атрымаць каля 142,5 мільёна еўра даходу, што паспрыяла выкананню сацыяльнай і фінансавай місіі IOR па падтрымцы Касцёла.

IOR працягваў укладваць сродкі ў развіццё сваіх супрацоўнікаў. У 2025 годзе яны прайшлі больш за 2700 гадзін прафесійнага навучання, у тым ліку па пытаннях кантролю, кіравання рызыкамі, аўдыту, этыкі і рэлігіі. Акрамя таго, каля 300 кліентаў прынялі ўдзел у спецыяльнай праграме фінансавай адукацыі, заснаванай на этычных прынцыпах Каталіцкага Касцёла.

У справаздачы таксама адзначаюцца крокі па ахове навакольнага асяроддзя. Інстытут працягваў скарачаць энергаспажыванне, выкарыстоўваць аднаўляльныя крыніцы энергіі і зніжаць спажыванне сыравіны. Дзякуючы развіццю інтэрнэт-банкінгу IORPortal і поўнай лічбавізацыі архіўных дакументаў выкарыстанне паперы зменшылася на 37 працэнтаў, а ўсе адходы былі накіраваны на перапрацоўку.

Паводле справаздачы, гэтыя вынікі сведчаць пра імкненне Інстытута рэлігійных спраў спалучаць фінансавую эфектыўнасць, клопат пра чалавека і адказнасць за навакольнае асяроддзе, застаючыся верным прынцыпам сацыяльнага вучэння Касцёла.
 

28 ліпеня 2026, 21:20