Святы Пасад у ААН: ставіць годнасць чалавека ў цэнтр развіцця
Марыя Валодзіна - Vatican News
Прадстаўнік Святога Пасада прыняў удзел у пасяджэнні сегмента высокага ўзроўню Эканамічнага і сацыяльнага савета ААН (ЭКАСАС), прысвечанага тэме паскарэння дасягнення Мэт устойлівага развіцця да 2030 года. Форум праходзіць у Нью-Ёрку з 13 па 15 ліпеня 2026 года і аб’ядноўвае міністраў, прадстаўнікоў дзяржаў, міжурадавых арганізацый і сістэмы ААН.
Мансеньёр Марка Фарміка падкрэсліў, што прагрэс у развіцці чалавецтва залежыць ад палітычнай волі дзяржаў. Ён нагадаў словы Льва XIV аб тым, што “гісторыю можна змяніць да лепшага, калі людзі будуць сур’ёзна ставіцца да годнасці кожнага”.
Дыпламат адзначыў, што сапраўднае развіццё азначае ўсебаковае вызваленне народаў ад голаду, хвароб, непісьменнасці і нястачы. Эканамічнае развіццё павінна забяспечваць роўны ўдзел краін у глабальных працэсах, сацыяльнае – спрыяць стварэнню адукаванага і салідарнага грамадства, а палітычнае – умацоўваць дэмакратычныя інстытуты, якія гарантуюць свабоду і мір.
Прадстаўнік Святога Пасада адзначыў, што эканамічны рост за апошнія дзесяцігоддзі дазволіў вывесці мільярды людзей з крайняй беднасці і дапамог многім краінам стаць важнымі ўдзельнікамі сусветнай эканомікі. Разам з тым захаваліся сур’ёзныя праблемы, такія як рост няроўнасці паміж краінамі і ўнутры іх, а таксама ўзнікненне новых форм беднасці.
Каб дасягнуць Мэт устойлівага развіцця, міжнародная супольнасць павінна пераадолець гэтыя праблемы. Асновай кожнага справядлівага грамадства з’яўляецца прызнанне неад’емнай годнасці чалавека, якая папярэднічае любым рашэнням дзяржавы і не можа быць падпарадкавана зменлівым грамадскім поглядам. Гэтае перакананне павінна ляжаць у аснове ўсіх неадкладных і пераўтваральных дзеянняў у галіне ўстойлівага развіцця, - падкрэсліў ватыканскі назіральнік.
Прадстаўнік Святога Пасада прызнаў, што штучны інтэлект можа садзейнічаць паскарэнню дасягнення Мэт устойлівага развіцця. Аднак любыя пераўтварэнні, якія падрываюць дадзеную Богам годнасць чалавека, якімі б эфектыўнымі, прыбытковымі ці інавацыйнымі яны ні здавалася, не могуць лічыцца сапраўдным прагрэсам.
Завяршаючы выступленне, ён працытаваў словы Льва XIV аб тым, што трывалы мір і ўсебаковае, устойлівае развіццё чалавека магчымыя толькі пры ўдзеле ўсіх бакоў, дзякуючы сапраўднаму міжнароднаму дыялогу і супрацоўніцтву, арыентаванаму на агульнае дабро”.