Святы Пасад: развіццё не можа адбывацца коштам чалавека і прыроды
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Ватыканскі іерарх скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў I Лацінаамерыканскага кангрэса па праблеме наступстваў горназдабыўной прамысловасці. Форум прайшоў у Каталіцкім універсітэце Коста-Рыкі пры падтрымцы Рады Біскупскіх Канферэнцый Лацінскай Амерыкі (CELAM).
Кардынал Чэрны падкрэсліў, што эксплуатацыя прыродных рэсурсаў не можа заставацца аддзеленай ад годнасці чалавека, сацыяльнай справядлівасці і клопату пра стварэнне. “Крык зямлі і крык бедных – непадзельныя”, - сказаў ён.
Прэфект заклікаў урады, прадпрыемствы, грамадскія супольнасці – у тым ліку карэнныя народы – навуковы свет і Касцёл да “сумленнага дыялогу”, які дазволіць узгадніць эканамічнае развіццё з аховай чалавека і навакольнага асяроддзя.
Іерарх падкрэсліў, што галоўным арыенцірам у гэтай сферы застаецца энцыкліка Францішка “Laudato si’”, у якой сцвярджаецца, што “няма двух розных крызісаў: аднаго, звязанага з навакольным асяроддзем, а другога – з грамадствам, але існуе адзін складаны сацыяльна-экалагічны крызіс”.
Кардынал Чэрны заўважыў, што такога ж меркавання прытрымліваецца Леў XIV, які ў энцыкліцы “Magnifica humanitas” падкрэсліў, што “крызіс навакольнага асяроддзя – гэта не ізаляваная праблема, а хутчэй экалагічны аспект сучаснага сацыяльна-эканамічнага крызісу”.
Святы Пасад на кангрэсе ў Коста-Рыцы прадстаўляў ксёндз Патрысіа Сарлат Флорэс, супрацоўнік Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. У сваім дакладзе ён адзначыў, што цэласная экалогія ўяўляе сабой “этычны гарызонт” для дыскусіі пра горназдабыўную прамысловасць і развіццё.
“Супольны дом – гэта не рэсурс, а спадчына, якую трэба берагчы, і ніякая мэта эканамічнага росту не апраўдвае ахвяравання цэлымі супольнасцямі або незваротнага разбурэння экасістэмы, ад якой залежыць жыццё мільёнаў людзей і жывых істот”, - сказаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.
У сваю чаргу ксёндз Алексіс Радрыгес Варгас, кіраўнік даследчага цэнтра “Laudato si’” пры Каталіцкім універсітэце Коста-Рыкі, адзначыў, што саму па сабе горназдабыўную дзейнасць не варта дэманізаваць; аднак яна павінна падпарадкоўвацца строгаму рэгуляванню, бо яе наступствы закранаюць найперш найбольш бедных, зямлю і ўсе віды, якія яе насяляюць.