Пошук

Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні 

Святы Пасад: рашэнне па справе ксяндза Рупніка яшчэ не прынята

Святы Пасад абверг паведамленні некаторых СМІ пра нібыта прыняцце рашэння суддзямі па справе ксяндза Марка Рупніка – былога езуіта, які абвінавачваецца ў псіхалагічных і сексуальных злоўжываннях адносна некалькіх жанчын.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“У сувязі з некаторымі паведамленнямі, якія з’явіліся ў СМІ ў апошнія дні, хачу яшчэ раз падкрэсліць, што інфармацыя пра нібыта прынятае суддзямі, якія разглядаюць справу ксяндза Марка Івана Рупніка, нейкае рашэнне, з’яўляецца абсалютна беспадстаўнай”, - заявіў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні.

Прадстаўнік Святога Пасада заўважыў, што “разгляд справы ўсё яшчэ працягваецца, а судовая калегія вывучае дакументацыю, атрыманую ад адпаведных дыяцэзій, езуітаў, асоб, якія маюць дачыненне да справы, а таксама матэрыялы, апублікаваныя ў сродках масавай інфармацыі”.

Бруні нагадаў таксама, што падчас судовага працэсу нельга раскрываць падрабязнасці яго ходу, каб не нашкодзіць самому працэсу і людзям, якія ў ім удзельнічаюць. Ён падкрэсліў, што калі суддзі палічаць неабходным атрымаць дадатковыя звесткі, яны самі звернуцца па іх.

Кіраўнік Залы Друку таксама заўважыў, што кананічны карны працэс мае судовы характар і праводзіцца з адступленнем ад тэрміну даўнасці магчымых злачынстваў. Ён можа даць указанні адносна вінаватасці ці невінаватасці абвінавачанага паводле норм кананічнага права.

Матэа Бруні заўважыў, што кананічнае права можа выносіць рашэнні і прызначаць пакаранні толькі ў тым, што датычыцца ўнутранага жыцця Касцёла. “Пры гэтым ксёндз Марка Іван Рупнік застаецца падпарадкаваным заканадаўству краін, на тэрыторыі якіх маглі быць учыненыя магчымыя злачынствы. Тэрміны даўнасці для такіх злачынстваў вызначаюцца заканадаўствам кожнай асобнай дзяржавы незалежна ад касцельнай улады”, - падкрэсліў ён.
 

23 ліпеня 2026, 10:34