Пошук

2020.03.14 Petersdom Petersplatz Piazza San Pietro Basilica San Pietro 2020.03.14 Petersdom Petersplatz Piazza San Pietro Basilica San Pietro 

Святы Пасад і Бундэсбанк: супрацоўніцтва ў фінансавым наглядзе

У Ватыкане была падпісана дамова аб тэхнічным супрацоўніцтве паміж Упраўленнем па наглядзе і фінансавай інфармацыі Святога Пасаду (ASIF) і цэнтральным банкам Германіі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

17 ліпеня 2026 года дакумент падпісалі прадстаўнік Нямецкага федэральнага банка Буркхард Бальц і дырэктар Упраўлення па наглядзе і фінансавай інфармацыі Федэрыка Антэліні Руса. На падпісанні прысутнічалі прадстаўнікі Дзяржаўнага сакратарыяту і пасольства Германіі пры Апостальскай Сталіцы.

Дамова стала чарговым крокам у паглыбленні адносін паміж ватыканскім органам фінансавага кантролю і цэнтральным банкам Германіі, якія развіваліся на працягу гадоў і значна ўмацаваліся ў апошнія месяцы.

Удзельнікі падпісання дамовы аб супрацоўніцтве паміж Святым Пасадам і Федэральным банкам Германіі
Удзельнікі падпісання дамовы аб супрацоўніцтве паміж Святым Пасадам і Федэральным банкам Германіі

Супрацоўніцтва стала магчымым таксама дзякуючы намаганням Святога Пасаду, накіраваным на тое, каб зрабіць сваю фінансавую сістэму больш празрыстай і адпаведнай міжнародным стандартам.

У межах пагаднення бакі будуць абменьвацца вопытам, ведамі і лепшымі практыкамі ў сферы фінансавага нагляду дзеля агульнай мэты – садзейнічання празрыстасці і стабільнасці міжнароднай фінансавай сістэмы.

Буркхард Бальц падкрэсліў, што пагадненне паказвае агульнае імкненне дзвюх устаноў да сумленнасці, адкрытасці і міжнароднага супрацоўніцтва. «Гэтая дамова стварае аснову для пастаяннага абмену і ўзаемнай падтрымкі, а таксама адлюстроўвае наша агульнае імкненне служыць агульнаму дабру праз стабільную і справядлівую фінансавую сістэму», – дадаў ён.

Са свайго боку дырэктар ватыканскага Упраўлення па наглядзе і фінансавай інфармацыі Фэдэрыка Антэліні Русо адзначыў, што падпісанне дамовы адбываецца ў год 15-годдзя стварэння гэтай установы і праз некалькі тыдняў пасля ўступлення ў сілу яе новага статута, зацверджанага Львом XIV. Ён выказаў надзею, што супрацоўніцтва з Deutsche Bundesbank будзе і надалей развівацца і станавіцца яшчэ больш цесным.
 

18 ліпеня 2026, 10:35