Галахер у Нігерыі: сустрэча з прэзідэнтам і юбілей дыпадносін

З нагоды 50-годдзя дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Федэратыўнай Рэспублікай Нігерыя арцыбіскуп Пол Рычард Галахер з 2 па 7 ліпеня 2026 года знаходзіцца з візітам у гэтай афрыканскай краіне.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Нігерыя застаецца адной з найбуйнейшых каталіцкіх дзяржаў Афрыкі: тут жыве больш за 30 мільёнаў католікаў і служыць больш за 10 тысяч каталіцкіх святароў. У той жа час краіна сутыкаецца з сур’ёзнымі выклікамі ў сферы ўнутранай бяспекі.

Як паведаміў афіцыйны акаўнт Дзяржсакратарыята “@TerzaLoggia” ў сацсетцы X, Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі сустрэўся ў Прэзідэнцкай рэзідэнцыі з кіраўніком краіны Болам Ахмедам Цінубу. У сустрэчы таксама ўдзельнічалі міністр замежных спраў Б’янка Адумегву Аджукву і старшыня Камісіі Эканамічнай супольнасці дзяржаў Заходняй Афрыкі (ECOWAS) Амар Лурай. Пасля сустрэчы прэзідэнт Нігерыі паведаміў мясцовым СМІ, што ўрад пацвярджае сваю прыхільнасць міжрэлігійнаму дыялогу, а таксама садзейнічанню міру, гармоніі і талерантнасці паміж рэлігійнымі супольнасцямі.

6 ліпеня 2026 года арцыбіскуп Галахер узначаліў урачыстую Эўхарыстыю ў пракатэдры Маці Божай Каралевы Нігерыі ў Гаркі (Абуджа) у знак падзякі за 50 гадоў дыпламатычных адносін паміж дзвюма дзяржавамі.

Арцыбіскуп Галахер у Нігерыі
Арцыбіскуп Галахер у Нігерыі   (foto © TerzaLoggia - X)
07 ліпеня 2026, 09:34