Амбулаторыі пад каланадай Берніні: дзесяць гадоў служэння бедным
Vatican News
Амбулаторыя “Маці Міласэрнасці”, адкрытая ў 2016 годзе падчас Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці, і амбулаторыя “Святы Марцін”, якая працуе з 2025 года, належаць да Дыкастэрыі па міласэрным служэнні і забяспечваюць бясплатную медыцынскую дапамогу найбольш уразлівым.
Амбулаторыя “Маці Міласэрнасці” была адкрыта па ініцыятыве Францішка. Яе дзейнасць працягваецца і сёння ў пантыфікат Льва XIV пад кіраўніцтвам новага элемазінарыя, арцыбіскупа Луіса Марына дэ Сан Марціна. Амбулаторыя месціцца непасрэдна пад каланадай Берніні. Яе наведваюць людзі, якія жывуць на вуліцы, мігранты, бедныя і тыя, хто не мае неабходных дакументаў або сродкаў на лячэнне.
Паводле сястры Аналізы Маджаліні, каардынатаркі сястрынскай службы, колькасць тых, хто звяртаецца па дапамогу, а таксама колькасць валанцёраў і медыкаў, пастаянна расце. За час існавання амбулаторыі было аказана больш за 140 тысяч медыцынскіх паслуг людзям са 139 краін свету, раздадзена каля 180 тысяч упаковак лекаў. У амбулаторыі працуюць 120 чалавек, у тым ліку ўрачы, медсёстры, фармацэўты, тэхнікі і супрацоўнікі рэгістратуры. Усе яны – валанцёры.
Падсакратар Дыкастэрыі па міласэрным служэнні Масіма Ралі, прызначаны Папам 30 чэрвеня 2026 года, паведаміў, што толькі сёлета ў амбулаторыях было аказана амаль 20 тысяч паслуг. Сярод іх агульныя і спецыялізаваныя агляды, стаматалагічная дапамога, фізіятэрапія, клінічныя аналізы і рэнтгеналагічныя даследаванні. Акрамя таго, бясплатна было перададзена больш за 12 тысяч упаковак лекаў. 1074 пацыенты звярнуліся ў амбулаторыю ўпершыню.
Масіма Ралі адзначыў, што большасць людзей, якія прыходзяць сюды па дапамогу, жывуць адны, часта не маюць дакументаў і носяць усе свае асабістыя рэчы ў заплечніках. Сустрэча з кожным з гэтых людзей становіцца для супрацоўнікаў амбулаторый сустрэчай з Хрыстом. Яны імкнуцца вярнуць гэтым братам і сёстрам пачуццё годнасці.
Як патлумачыла сястра Аналіза Маджаліні, чалавек можа прыйсці ў амбулаторыю без папярэдніх фармальнасцяў. Калі ў яго ёсць дакументы, яго зарэгіструюць; калі дакументаў няма, выкарыстоўваецца імя, якое ён называе. Звычайна па дапамогу звяртаюцца людзі, якія не могуць аплаціць аналізы, агляды і лячэнне. У апошнія гады павялічылася колькасць італьянцаў, якія звяртаюцца пра медыцынскую дапамогу або па лекі катэгорыі С – прэпараты, якія не пакрываюцца нацыянальнай сістэмай аховы здароўя і якія многія бедныя не ў стане набыць самастойна.
У амбулаторыі аказваюць базавую дапамогу, а ў выпадку неабходнасці пацыентаў накіроўваюць у рымскія шпіталі. Сястра Аналіза прызнае, што праца з людзьмі ў цяжкіх жыццёвых абставінах патрабуе не толькі кампетэнцыі, але і цярплівасці, бо не ўсе, хто атрымлівае парады, гатовыя ісці прапанаваным шляхам дапамогі. Аднак здараюцца і выпадкі сапраўднай рэабілітацыі. Напрыклад, адзін малады непалец пагадзіўся прайсці курс лячэння ад алкагольнай залежнасці і знайшоў працу.
З 2025 года побач з амбулаторыяй “Маці Міласэрнасці” працуе і амбулаторыя “Святы Марцін”, адкрытая Львом XIV у лістападзе 2025 года з нагоды Юбілею бедных. Яе галоўная спецыялізацыя – рэнтгеналагічная дыягностыка, якая дазваляе хутка выяўляць пнеўманіі, пераломы, пухліны і дэгенератыўныя захворванні, часта ўласцівыя людзям, якія жывуць у беднасці, без належнага догляду.
Анколаг і тэрапеўт Марыя Луіза Базіле, якая пасля выхаду на пенсію стала валанцёрам амбулаторыі, распавяла, што тут дзейнічае падыход комплекснага суправаджэння чалавека, які ўлічвае не толькі фізічны стан, але і псіхалагічныя і сацыяльныя абставіны жыцця пацыента. Большасць з іх пакутуюць на некалькі захворванняў адначасова, таму патрабуюць комплекснай дапамогі. Асобная ўвага надаецца і прафілактыцы, у тым ліку ранняму выяўленню раку грудзей у жанчын і захворванняў прастаты ў мужчын.
Фармацэўт Лука Пагана Марыяна, які служыць у амбулаторыях ужо каля дзесяці гадоў, патлумачыў, што пасля агляду пацыент атрымлівае не толькі дыягназ, але і неабходныя лекі. Найчасцей выдаюцца супрацьболевыя, супрацьзапаленчыя прэпараты, а таксама сродкі, патрэбныя людзям, якія пакутуюць ад наступстваў дрэннага харчавання і жыцця на вуліцы. У адрозненне ад камерцыйнай аптэчнай дзейнасці, тут усё пабудавана на логіцы дару: лекі выдаюцца бясплатна ўсім, хто мае патрэбу.
Значную ролю ў працы амбулаторый адыгрываюць і валанцёры рэгістрацыі. Джузэпэ Спазата, пенсіянер з Калабрыі, ужо два гады сустракае людзей, якія прыходзяць у амбулаторыю, дапамагае ім зарэгістравацца, тлумачыць, да якога спецыяліста звярнуцца, і падтрымлівае тых, хто чакае ў чарзе. Простае прывітанне, уважлівая размова і ўсмешка дапамагаюць зняць трывогу і даюць чалавеку адчуць, што яго тут чакаюць і прымаюць як дома. Нярэдка людзі здзіўляюцца, калі даведваюцца, што кансультацыі і лекі тут сапраўды бясплатныя, - распавёў ён.
Сястра Жаклін Імбунгу, медсястра з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, займаецца перавязкамі. Асабліва моцна яе ўражвае чалавечнасць медыкаў і валанцёраў, а таксама тое, што кожнага прымаюць без адрозненняў, незалежна ад стану, паходжання ці знешняга выгляду. Дакранаючыся да людзей, якія часта не маюць магчымасці нават належным чынам памыцца, яна адчувае, што прымае Хрыста.
“Нельга любіць Бога, не пашыраючы сваю любоў на бедных”, - напісаў Леў XIV у апостальскай адгартацыі “Dilexi te”. Гэтыя словы знаходзяць сваё канкрэтнае ўвасабленне ў сценах амбулаторый Папскай элемазінарыі.