Мястэчка "Laudato si'" у Кастэль-Гандольфа Мястэчка "Laudato si'" у Кастэль-Гандольфа 

Кастэль-Гандольфа: форум па ШІ і ядзерным раззбраенні

Больш за 200 удзельнікаў – нобелеўскія лаўрэаты, сусветныя лідары, эксперты і навукоўцы – сабраліся ў Кастэль-Гандольфа на асамблеі па штучным інтэлекце і ядзернай вайне. Завяршыцца форум прыняццем “Рымскай дэкларацыі” аб бяззбройным і раззбройваючым міры.

Марыя Валодзіна - Vatican News

14-16 ліпеня 2026 года ў мястэчку “Laudato Si'” у папскай рэзідэнцыі ў Кастэль-Гандольфа праходзіць Глабальная асамблея нобелеўскіх лаўрэатаў, прысвечаная тэме штучнага інтэлекту і ядзернай вайны.

На форуме сабраліся больш за 200 удзельнікаў, у тым ліку 30 лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, ганаровыя кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў, эксперты 20 вядучых сусветных лідараў у галіне штучнага інтэлекту (ШІ), у тым ліку такіх кампаній, як “OpenAI”, “Google DeepMind”, “AARU” і “Anthropic”, а таксама прадстаўнікі 30 буйных навукова-даследчых устаноў: Гарвардскага, Стэнфардскага, Калумбійскага, Прынстанскага, Оксфардскага, Манчэстэрскага і іншых вядучых універсітэтаў свету.

Сустрэча натхнёная новай энцыклікай Льва XIV “Magnifica humanitas”, прысвечанай абароне чалавека ў эпоху ШІ. Асамблея праходзіць ва ўмовах міжнародных канфліктаў, геапалітычнай нестабільнасці і пагаршэння сітуацыі ў сферы ядзернай бяспекі, на фоне заклікаў Святога Айца пра “бяззбройны і разбройваючы мір”.

На працягу трох дзён удзельнікі форума абмяркоўваюць пытанні міжнароднай бяспекі, кіравання новымі тэхналогіямі, раззбраення і пабудовы эканомікі, накіраванай на захаванне міру. У цэнтры дыскусій знаходзіцца пошук новай глабальнай парадыгмы, здольнай спалучаць інавацыі, адказнасць і этыку.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Асамблея нобелеўскіх лаўрэатаў па прадухіленні ядзернай вайны, Жаночая нобелеўская ініцыятыва, міжнароднае аб’яднанне медыкаў за прадухіленне ядзернай вайны, Пагуошскі рух навукоўцаў, Цэнтр Юнуса, Каталіцкі ўніверсітэт Амерыкі, лабараторыя экзістэнцыяльных рызык Чыкагскага ўніверсітэта, Гарвардская медыцынская школа, шпіталь Брыгема, Універсітэт Нотр-Дам, “Бюлетэнь атамных навукоўцаў” і таварыства “Сока Гакай”. Абавязкі Генеральнага сакратарыята выконвае Фонд “Domus Communis”.

Удзельнікі асамблеі плануюць прыняць “Рымскую дэкларацыю аб бяззбройным і разбройваючым міры ў эпоху штучнага інтэлекту, ядзернай і аўтаномнай зброі, новых лічбавых пратаколаў і новых мадэляў лічбавага развіцця”. Дакумент мае на мэце вызначыць прынцыпы і рэкамендацыі па кіраванні штучным інтэлектам, заснаваныя на супрацоўніцтве, павазе да чалавечай годнасці, інтэгральным развіцці і міры паміж народамі.

Праца форума завершыцца 16 ліпеня 2026 года ўрачыстым пасяджэннем у рымскім Капітоліі, у зале Юлія Цэзара, дзе будзе прадстаўлена дэкларацыя.

14 ліпеня 2026, 10:18