Кардынал Тагле: сяброўства – стыль новай евангелізацыі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Ватыканскі іерарх прыняў удзел у XII Канферэнцыі па новай евангелізацыі, якая прайшла ў Папскім універсітэце святога Тамаша Аквінскага ў сталіцы Філіпін - Маніле. Тэмай форуму сталі евангельскія словы Езуса: “Я назваў вас сябрамі” (Ян 15,15).
Канферэнцыя сабрала біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў, якія дзяліліся досведам таго, як шчырыя сяброўскія адносіны і цярплівае суправаджэнне могуць дапамагаць людзям адкрываць веру і будаваць больш чалавечае грамадства.
Удзельнікі адзначалі, што ў сучасным свеце, які характарызуецца ростам палярызацыі, падзелаў і напружанасці, хрысціянскае сяброўства можа стаць шляхам да еднасці, узаемнай падтрымкі і абвяшчэння Евангелля.
Кардынал Тагле нагадаў, што сапраўднае сяброўства патрабуе адкрытасці, цярплівасці і мужнасці казаць праўду з любоўю. “Не бойцеся будаваць сяброўскія адносіны. Насенне братэрства, якое вы сееце сёння, у будучыні прынясе плён у выглядзе пакліканняў”, - сказаў іерарх.
Прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі адзначыў, што сапраўдныя сябры з’яўляюцца не толькі крыніцай суцяшэння і радасці, але таксама людзьмі, якія здольныя даць шчырую параду. “Часам сапраўдны сябар мае адвагу сказаць табе тое, чаго ты не хочаш пачуць”, - дадаў ён.
Кардынал Тагле звярнуў увагу на місіянерскае вымярэнне сяброўства, бо яно можа весці іншых да Хрыста. “Мы не павінны недаацэньваць ролю сяброўства ў тым, каб аблічча Езуса і аблічча Касцёла сталі для людзей чымсьці рэальным”, - падкрэсліў ватыканскі іерарх.
Падчас святой Імшы на адкрыццё канферэнцыі арцыбіскуп Манілы кардынал Хасэ Адвінкула падкрэсліў, што евангелізацыя павінна грунтавацца на лагодным і цярплівым суправаджэнні чалавека на шляху веры. Ён заклікаў заставацца блізкімі да тых, чыя вера аслабла, і верыць, што Бог цярпліва працуе ў кожным чалавечым сэрцы.