Кардынал Рошэ: Леў XIV захоўвае літургічныя рэформы Сабору
Ян Глінскі
“Пытанне літургіі – вельмі складаная тэма”, - адзначыў ватыканскі іерарх у інтэрв’ю для часопіса „The Tablet”. Як ён падкрэсліў далей, Эўхарыстыя з’яўляецца сакрамэнтам адзінства, і “калі яна пачынае нас падзяляць, то штосьці сур’ёзна не так”. “Аднак не, Папа Леў XIV не зменіць “Traditionis custodes” і не вернецца да “Summorum Pontificum””, - перакананы кардынал Рошэ.
Прэфект згадаў таксама Другі Ватыканскі Сабор (1962–1965), які заклікаў Касцёл быць больш місійным. “Каб падрыхтаваць людзей да гэтага місіянерскага служэння, ядро касцельнага жыцця – Эўхарыстыя – павінна карміць іх па-іншаму, – адзначыў іерарх. – У той час, калі так званая “Старая Імша” падкрэслівала, што святар цэлебруе Эўхарыстыю ад імя супольнасці, то пасля літургічнай рэформы ахрышчаныя, з’яўляючыся святарскім народам, фактычна цэлебруюць Імшу са святаром”.
Англійскі кардынал лічыцца адной з ключавых фігур, адказных за абмежаванні на цэлебрацыю перадсаборнай літургіі, уведзеныя Папам Францішкам у motu proprio 2021 года “Traditionis custodes”. З 2021 года ён узначальвае Кангрэгацыю Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў і лічыцца перакананым прыхільнікам літургічных рэформаў Другога Ватыканскага Сабору. У той час як яго папярэднік, кардынал Рабэра Сара, здабыў славу кансерватыўнага мысляра і крытыка Папы Францішка. Да свайго прызначэння ў Рымскую курыю кардынал Рошэ быў біскупам Лідса і старшынёю Міжнароднай камісіі па англійскай мове ў літургіі (ICEL).
Нагадаем, Бэнэдыкт XVI у сваім motu proprio 2007 года “Summorum Pontificum” значна спрасціў цэлебрацыю святой Імшы ў адпаведнасці з літургічнымі кнігамі 1962 года. Папа Францішак, аднак, у сваім motu proprio “Traditionis custodes” за 2021 год ізноў абмежаваў яе цэлебрацыю.