Кардынал Паралін: дыпламатыя верыць у магчымасць міру
Ян Глінскі
“У мяне часта пытаюць, ці магчымы мір”, - прызнаўся бліжэйшы супрацоўнік Папы. Ён падкрэсліў, што адказ дыпламатыі на гэтае пытанне станоўчы і выяўляецца праз гуманітарную місію і намаганні дзеля пераадолення канфліктаў.
Кардынал Паралін прыняў удзел у прэзентацыі кнігі італьянскага журналіста Антоніа Прэцыёзі “Вялікдзень міру. Ад Яна ХХІІІ да Льва XIV на шляху да Юбілею 2033 года”, якая адбылася ў Пасольстве Італіі пры Святым Пасадзе.
Дзяржсакратар у сваім выступленні прасачыў, як Папы пасля Другога Ватыканскага Сабору развівалі служэнне Касцёла на карысць міру: ад энцыклікі “Pacem in terris” святога Яна XXIII і закліку святога Паўла VI “Ніколі больш вайны!” да слоў Папы Францішка пра “трэцюю сусветную вайну, якая вядзецца часткамі”, а таксама закліку Льва XIV вырашаць канфлікты з дапамогай розуму і волі, “як людзі, а не як звяры, нават калі ўзброеныя ультрасучаснай зброяй”.
Кожны Пантыфік пераймае ад свайго папярэдніка “эстафету” намаганняў на карысць міру, - сказаў кардынал Паралін, нагадваючы, што мір і дыялог з’яўляюцца ключавымі словамі цяперашняга пантыфікату.
Падчас прэзентацыі кнігі выступіў таксама Антоніа Таяні, міністр замежных спраў Італіі. Палітык адзначыў, што хрысціяне павінны працаваць дзеля адзінства паміж народамі. “Занадта часта людзі забіваюць у імя Бога, але той, хто страляе ў імя Бога, страляе ў Бога”, - дадаў Таяні.