Кардынал Кох: дыялог з Брацтвам святога Пія X усё яшчэ магчымы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох падзяліўся думкамі пра адносіны з традыцыялістамі ў падкасце часопіса "Communio".
Іерарх назваў біскупскія пасвячэнні ў Эконе гістарычным актам у сэнсе працягу шматвяковых расколаў пасля Сабораў. Паводле яго слоў, гэтая спрэчка – пра вернасць Традыцыі і яе інтэрпрэтацыю – паўтараецца ў гісторыі ад Эфескага да Другога Ватыканскага сабораў.
Швейцарскі кардынал звярнуў увагу на супярэчнасць паміж дэклараванай Брацтвам вернасцю Пантыфіку і рэальнымі дзеяннямі насуперак яго распараджэнням. Аднабаковыя крокі супольнасці ён ахарактарызаваў як форму самаўпаўнаважання на ўдзяленне пасвячэнняў.
Сутнасць тэалагічнай дыскусіі палягае ў розным разуменні спадчыны мінулых стагоддзяў
У цэнтры разважанняў знаходзіцца пытанне аб інтэрпрэтацыі каталіцкай дактрыны. Кардынал Кох выказаўся за герменеўтыку рэформы, якае злучае веравучыцельную пераемнасць з адкрытасцю на выклікі сучаснасці. Такі падыход супрацьпастаўляецца як разрыву, так і чыстай пераемнасці, якую прапануюць традыцыялісты.
Іерарх у дадатак удакладніў, што спрэчка датычыцца таксама рэлігійнай свабоды, экуменізму і адносін Касцёла з юдаізмам. Пасля Другога Ватыканскага Сабора каталіцкае вучэнне развіваецца ў духу адзінства абодвух Запаветаў і прызнання, што Бог жадае збаўлення ўсіх людзей.
Пурпурат таксама згадаў ліст Папы Льва XIV, які адначасова адзначыў каштоўныя элементы жыцця Брацтва. Сярод іх былі названыя прывязанасць да літургіі і святарская фармацыя. Аднак Наступнік Пятра заклікаў да навяртання і перасцярог ад раздзірання шаты Хрыста.
Кардынал Кох прызнаў, што гэтая складаная сітуацыя пакуль не з'яўляецца поўнай схізмай. Магчымае паяднанне патрабуе часу, вялікай цярплівасці і далейшага трывалага дыялогу.
Нягледзячы на сур'ёзнасць сітуацыі, Святы Пасад пакідае прастору для надзеі
Супрацьстаянне з Брацтвам можа стаць штуршком для глыбокай рэфлексіі над сучасным Касцёлам. Гэта датычыцца розных аспектаў яго існавання, уключаючы эклезіялагічны і рэлігійны плюралізм.
Нават у такіх абставінах прэфект Дыкастэрыі не губляе веры ў дыялог. Кажучы пра перспектывы паразумення, кардынал Кох падкрэсліў: "Немагчымае належыць да кампетэнцыі Духа Святога".