Кардынал дэ Мендонса: Таямніца заўсёды наведвае нас
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Ватыканскі іерарх стаў ганаровым госцем 24-га Міжнароднага літаратурнага фестывалю “Flip” у Параці, тэмай якога былі словы з верша бразільскай паэтэсы Арыдзіш Фантэлы – “Ведаць цішыню на памяць”. Падчас форума бразільскай публіцы была прадстаўлена яго першая паэтычная анталогія “Os Enigmas singulares” (“Асаблівыя таямніцы”).
Кардынал дэ Мендонса падкрэсліў, што паэзія нараджаецца са здзіўлення, бо менавіта яно дапамагае чалавеку быць уважлівым да жыцця і заўважаць глыбокі сэнс рэчаў.
“Калі мы здольныя здзіўляцца, мы сапраўды жывём. Іншымі словамі, жыццё не праходзіць міма нас. Дазволім жыццю ставіць перад намі пытанні, дазволім яму параніць нас”, - заклікаў іерарх, падкрэсліваючы, што ўважлівасць да навакольнага свету і ўменне слухаць дапамагаюць убачыць прысутнасць Бога. “Таямніца заўсёды наведвае нас. Кожны дзень здзяйсняецца таямніца звеставання”, - сказаў прэфект ватыканскага ведамства.
Кардынал дэ Мендонса таксама падкрэсліў, што сапраўдная паэзія не адрываецца ад рэальнасці. Яна павінна быць вернай таму, што адбываецца вакол нас, у тым ліку чалавечым ранам і цяжкасцям. Менавіта праз іх паэзія можа адкрываць крыніцу надзеі і дапамагаць чалавеку заставацца чалавекам.
Падчас сустрэчы іерарх згадаў таксама пра ролю вуснай традыцыі ў перадачы культуры. Ён распавёў пра сваю бабулю, якая не ўмела чытаць і пісаць, але стала для яго “першай бібліятэкай”, перадаючы веды і гісторыі праз слова.
Гаворачы пра сучасныя змены, звязаныя з тэхналогіямі, кардынал адзначыў, што культура пісьма перажывае вялікую трансфармацыю. У гэтым кантэксце ён назваў энцыкліку Папы Льва XIV “Magnifica humanitas” “тэкстам, поўным будучыні”, бо ён прапануе разважаць над тым, як чалавеку захаваць сваю чалавечнасць у эпоху новых тэхналогій.
Кардынал таксама спаслаўся на энцыкліку Папы Францішка “Laudato si’”, назваўшы яе адным з найважнейшых дакументаў сучаснасці, бо яна нагадвае, што чалавек не з’яўляецца гаспадаром прыроды, а яе захавальнікам. Паэзія, як і вера, дапамагае змяніць позірк на свет і зразумець адказнасць чалавека за стварэнне, падкрэсліў прэфект.