Пошук

Кардынал Майкл Чэрны Кардынал Майкл Чэрны 

Кардынал Чэрны адзначае 80-годдзе і пакідае склад выбаршчыкаў Папы

Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кардынал Майкл Чэрны, 18 ліпеня 2026 года адзначае 80-годдзе. З гэтага дня ён губляе права ўдзелу ў канклаве, а колькасць кардыналаў-выбаршчыкаў скарачаецца да 116.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Кардынал Чэрны нарадзіўся ў 1946 годзе ў тагачаснай Чэхаславакіі, але ўжо праз два гады яго бацькі былі вымушаны эміграваць у Канаду. Гісторыя яго сям’і поўная болю: яго маці – каталічка яўрэйскага паходжання – прайшла праз канцлагер Тэрэзіенштат і выжыла, а бабуля загінула ў Аўшвіцы.

У 18-гадовым узросце Майкл Чэрны ўступіў у Таварыства Езуса, а ў 1973 годзе прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Будучы іерарх заўсёды быў уважлівым да пытанняў сацыяльнай справядлівасці. У 1979 годзе ён заснаваў у Таронта адмысловы езуіцкі цэнтр, які займаўся вывучэннем гэтых пытанняў.

Пасля таго як у 1989 годзе, падчас грамадзянскай вайны ў Сальвадоры, былі забіты шэсць езуітаў, якія працавалі ў мясцовым універсітэце, Чэрны адправіўся туды, каб працягнуць працу загінулых паплечнікаў. Ён стаў віцэ-рэктарам універсітэта і актыўна супрацоўнічаў з ААН, каб садзейнічаць завяршэнню канфлікту ў краіне. Майкл Чэрны быў таксама членам следчай камісіі, накіраванай ААН на Гаіці.

З 1992 па 2002 год езуіт займаў пасаду сакратара па справах сацыяльнай справядлівасці ў курыі Таварыства Езуса. У 2002 годзе ён апынуўся ў Афрыцы, дзе заснаваў і ўзначаліў спецыяльную сетку дапамогі хворым на СНІД. З 2005 года быў выкладчыкам у Каталіцкім універсітэце Усходняй Афрыкі ў Найробі. Улічваючы яго досвед служэння на афрыканскім кантыненце ў 2009 годзе Бэнэдыкт XVI прызначыў езуіта аўдытарам ІІ Спецыяльнай асамблеі Сінода Біскупаў, прысвечанай Афрыцы.

Напрыканцы 2016 года Францішак прызначыў святара падсакратаром новастворанай Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. У 2019 годзе надаў яму кардынальскую годнасць, а пазней – тытул арцыбіскупа. У 2022 годзе Францішак прызначыў іерарха прэфектам Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Нягледзячы на 80-гадовы ўзрост, кардынал Чэрны працягвае служэнне на гэтай пасадзе.

Паходзячы з сям’і мігрантаў, ватыканскі іерарх мае асаблівую ўвагу да людзей, якія вымушаны пакінуць родную зямлю. Ён носіць драўляны крыж, зроблены з абломкаў лодкі, на якой уцекачы спрабавалі пераплыць Міжземнае мора і пацярпелі крушэнне каля вострава Лампедуза.
 

18 ліпеня 2026, 11:44