Арцыбіскуп Галахер ушанаваў памяць загінулых ва Украіне
Аляксандр Панчанка – Vatican News
20 ліпеня 2026 года арцыбіскуп Пол Рычард Галахер завяршыў свой пяцідзённы візіт ва Украіну, які здзяйсняў у якасці пасланніка Льва XIV на ўрачыстасці з нагоды 35-годдзя аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла лацінскага абраду ў краіне.
Як паведаміў Раберта Пальялонга з “L’Osservatore Romano”, у апошні дзень візіту ватыканскі іерарх наведаў у Кіеве мемарыял, прысвечаны ахвярам рэвалюцыі 2013-2014 гадоў і вайны, якая пачалася пасля расійскай агрэсіі ў 2014 годзе і поўнамаштабнага ўварвання ў 2022 годзе. Ён усклаў кветкі ў памяць пра загінулых.
Іерарха суправаджаў выконваючы абавязкі міністра замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга. Падчас іх сустрэчы падкрэслівалася блізкасць Святога Пасада да ўкраінскага народа і выказвалася надзея на хуткае дасягненне справядлівага і трывалага міру. Пазней арцыбіскуп Галахер сустрэўся таксама з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
Напярэдадні ўвечары папскі пасланнік правёў сустрэчу з Усеўкраінскай Радай Цэркваў і рэлігійных арганізацый. Яе прадстаўнікі распавялі пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца Цэрквы і насельніцтва падчас вайны, а таксама пра супрацоўніцтва паміж рознымі рэлігійнымі супольнасцямі. Яны адзначылі, што людзі моцна стаміліся ад вайны, але працягваюць жыць з годнасцю і надзеяй. “Ніхто больш за нас не хоча міру, але гэта павінен быць справядлівы мір”, - прыводзіць словы ўдзельнікаў сустрэчы Раберта Пальялонга.
Прадстаўнікі Рады падзякавалі Святому Пасаду і Апостальскаму нунцыю ва Украіне Вісвальдасу Кульбокасу за падтрымку, дапамогу і малітоўную блізкасць. Яны таксама заклікалі працягваць дыпламатычныя намаганні дзеля завяршэння вайны.