Пошук

У сядзібе Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы (APSA) У сядзібе Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы (APSA)  

Фінансавы баланс Святога Пасада за 2025 год: рост капіталу

Адміністрацыя маёмасці Апостальскай Сталіцы (APSA) падвяла вынікі 2025 года: чысты капітал вырас да 2 686 мільёнаў еўра, забяспечыўшы стабільнасць і падтрымку місіі Пантыфіка і Касцёла.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У 2025 годзе, які быў адзначаны смерцю Францішка і абраннем Льва XIV, Адміністрацыя маёмасці Апостальскай Сталіцы гарантавала пераемнасць сваёй дзейнасці. Чысты капітал структуры склаў 2 686 мільёнаў еўра, што сведчыць пра яго павелічэнне на 89 мільёнаў еўра.

Старшыня ведамства арцыбіскуп Джардана Пічыноці падкрэсліў, што галоўнай мэтай застаецца захаванне давераных сродкаў. Аперацыйны вынік дасягнуў 22,8 мільёна еўра, адлюстроўваючы вяртанне да звычайнага рабочага рэжыму. Атрыманыя рэсурсы дазволілі цалкам пакрыць бягучыя патрэбы Рымскай курыі.

Рацыянальны падыход да інвестыцый

У сувязі з увядзеннем новых фінансавых правілаў Святога Пасада і Ватыкана прыбытак ад каштоўных папер быў скіраваны непасрэдна ў рэзервы. Праз гэта фармальны бухгалтарскі вынік паказаў адмоўнае значэнне ў 3,7 мільёна еўра, хоць рэальны даход склаў 12,6 мільёна еўра.

Арцыбіскуп Пічыноці адзначыў: "Гэта выбар на карысць празрыстасці і бухгалтарскай абачлівасці". Інвестыцыйная стратэгія грунтавалася на зніжэнні рызык і ўключала акцыі, аблігацыі, а таксама фізічнае золата. У выніку агульная даходнасць уласнай партфельнай маёмасці дасягнула 14,37 працэнта.

Служэнне патрэбам Касцёла

Сектар нерухомасці стаў асноўнай крыніцай даходаў і дасягнуў выніку ў 44,5 мільёна еўра дзякуючы эфектыўнаму кіраванню. Ведамства аптымізуе выкарыстанне аб'ектаў у Італіі і за мяжой, распачаўшы трохгадовую праграму рэалізацыі нестратэгічнай маёмасці.

Значная частка персаналу структуры бясплатна дапамагае іншым ватыканскім установам. Ведамства выконвае функцыі цэнтра закупак, вядзе ўлік для 77 суб'ектаў і ажыццяўляе тэхнічнае абслугоўванне. "Гэтыя працэсы фарміруюць адміністрацыйны каркас Рымскай курыі", - заўважыў іерарх.

За перыяд 2025 года структура заключыла пагадненне з Дыкастэрыяй пасправах Усходніх Цэркваў і распачала новыя праекты. Сярод іх вылучаецца стварэнне агравальтаічнага комплексу "Брат Сонца" ў Санта-Марыя-дзі-Галерыя і аднаўленне аб'екта "Domus Paolo VI".

Усе ініцыятывы накіраваны на будучую даходнасць, экалагічную ўстойлівасць і этычнасць. Паводле слоў арцыбіскупа Пічыноці, маёмасць Касцёла служыць інструментам яго місіі. Захаваныя рэзервы будуць далей падтрымліваць дзейнасць Святога Пасада ва ўсім свеце.
 

31 ліпеня 2026, 12:41