Біскуп Саронда: хвароба Альцгеймера – выклік для ўсяго грамадства
Аляксандр Панчанка - Vatican News
14 ліпеня 2026 года ў Палацы Канцылярыі ў Рыме прайшла канферэнцыя, прысвечаная грамадскім, навуковым і этычным выклікам, якія ставіць хвароба Альцгеймера. Адным з удзельнікаў форума быў біскуп Марчэла Санчэс Саронда, ганаровы канцлер Папскай акадэміі навук.
Іерарх заўважыў, што гэта захворванне кідае выклік не толькі ўрачам і навукоўцам, але і “ўсёй сістэме аховы здароўя, апекі, сем’ям і грамадству”. “Хвароба Альцгеймера – гэта не проста неўралагічнае захворванне. Сёння, асабліва з развіццём новых тэхналогій і з’яўленнем новых выклікаў, яна становіцца сацыяльным, палітычным і нават культурным пытаннем, якое прымушае задумацца над тым, як грамадства ставіцца да сваіх найбольш уразлівых членаў”, - сказаў ён.
“Перад абліччам хваробы Альцгеймера мы павінны вярнуцца да моцнай духоўнасці, ведаючы, што ў хворым прысутнічае аблічча Хрыста і мы пакліканы да стварэння сеткі веры, надзеі і любові”, - дадаў іерарх.
Канферэнцыя прайшла ў дзень літургічнага ўспаміну святога Каміла дэ Леліса – апекуна хворых і медыцынскіх работнікаў. Як нагадаў біскуп Саронда, гэты святы здзейсніў сапраўдную рэвалюцыю ў разуменні догляду за хворымі: ён навучыў бачыць у кожным чалавеку, які пакутуе, аблічча Хрыста і паказаў, што клопат пра хворага з’яўляецца справай міласэрнасці яшчэ да таго, як становіцца медыцынскай паслугай.
У сваю чаргу арцыбіскуп Антоніа Стальяно, старшыня Папскай тэалагічнай акадэміі, заўважыў, што хвароба Альцгеймера, будучы праблемай, якая датычыць чалавека, “з’яўляецца перш за ўсё маральным пытаннем” і таму патрабуе таксама тэалагічнага асэнсавання.
Іерарх падкрэсліў, што чалавека нельга зводзіць да яго кагнітыўных здольнасцяў, прадуктыўнасці або здольнасці падтрымліваць адносіны. “Хворы не павінен быць пацыентам, якім трэба кіраваць, а асобай, якую трэба сустрэць”, - сцвердзіў ён.
У гэтым кантэксце згадваліся таксама словы Папы Льва XIV, які нагадваў, што “здароўе не можа быць раскошай для абраных – яно з’яўляецца неабходнай умовай сацыяльнага міру”. Пантыфік падкрэсліваў, што ўсеагульны доступ да медыцынскай дапамогі – гэта перш за ўсё “маральны імператыў” для грамадства, якое хоча называцца справядлівым.