Навучэнцы Школы мастацтва і рамёстваў. Архіўнае фота Навучэнцы Школы мастацтва і рамёстваў. Архіўнае фота  ( Fabbrica di San Pietro in Vaticano)

У Ватыкане адкрыўся прыём у Школу мастацтва і рамёстваў

Фабрыка святога Пятра распачала прыём заявак на пяты курс Школы мастацтва і рамёстваў. Бясплатнае навучанне прызначана для моладзі з усяго свету.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У Ватыкане адкрыўся прыём заявак на пяты набор у Школу мастацтва і рамёстваў Фабрыкі святога Пятра. Гэтая адукацыйная ініцыятыва, заснаваная ў супрацоўніцтве з Фондам "Fratelli tutti", прапануе цалкам бясплатнае навучанне на дзённай форме для юнакоў і дзяўчат з усяго свету ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў. Прыём дакументаў распачаўся 1 чэрвеня і завершыцца 14 жніўня 2026 года.

Праграма разлічана на шэсць месяцаў і спалучае практычную падрыхтоўку, культурнае паглыбленне і асабісты рост. Навучэнцы атрымаюць магчымасць пераняць старажытныя рамёствы, працуючы ў цесным кантакце з майстрамі – "самп'етрыні". Сярод даступных спецыяльнасцей – каменячосы і майстры па мармуры, муляры-тынкоўшчыкі і дэкаратары, сталяры, кавалі, а таксама мазаічысты.

Ад тэорыі матэрыялаў да стварэння гатовых вырабаў

Навучальны план кожнага кірунку аб'ядноўвае тэарэтычныя асновы з інтэнсіўнай лабараторнай практыкай. Будучыя мазаічысты асвояць прамыя і непрамыя тэхнікі працы з каменем і шкляной эмаллю паводле традыцыі "Ватыканскай майстэрні мазаікі". Кавалі вывучаць металургію, праектаванне, каванне і зварку, а сталяры пройдуць шлях ад спазнання парод драўніны да мастацкага аздаблення і чырвонадрэўных прац. Курс муляраў арыентаваны на традыцыйнае будаўніцтва, фрэскі і штукатурку, у той час як каменячосы будуць эксперыментаваць з рэзаннем, часанем і гравіраваннем мармуру.

Усіх удзельнікаў чакае таксама агульная адукацыйная праграма, якая дапаўняе вузкаспецыялізаваныя заняткі. Яна ахоплівае вывучэнне гісторыі мастацкіх тэхнік, веданне матэрыялаў, а таксама будаўнічыя і архітэктурныя прынцыпы.
 

02 чэрвеня 2026, 12:50