Святы Пасад: апублікаваны дапаможнік да Дня пажылых людзей
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця падрыхтавала адмысловы душпастырскі дапаможнік да VI Сусветнага дня пажылых людзей. Ён змяшчае афіцыйную малітву, літургічныя рэкамендацыі і лагатып сустрэчы.
Свята прапануецца адзначыць праз урачыстую Эўхарыстыю і наведванне самотных старэйшых вернікаў. Асаблівая ўвага звяртаецца на тых, хто прыкаваны да ложка, каб ніхто не застаўся без суцяшэння.
Традыцыйна святкаванне адбываецца ў чацвёртую нядзелю ліпеня, блізка да ўспаміну святых Яўхіма і Ганны. Аднак мясцовыя канферэнцыі біскупаў маюць права змяніць гэтую дату згодна з душпастырскімі патрэбамі. У кожнай дыяцэзіі біскупу прапануецца ўзначаліць набажэнства ў катэдральным касцёле.
Кардынал Кэвін Фарэл заклікаў старэйшае пакаленне святкаваць гэты дзень з радасцю. Кіраўнік Дыкастэрыі падкрэсліў, што "ўсведамленне сябе дзецьмі ў любым узросце – гэта заклік для ўсіх пажылых людзей паглыбіць сваё пакліканне і адчуць сябе жывымі членамі хрысціянскай супольнасці". Паводле яго слоў, яны застаюцца сааўтарамі сумеснай місіі Касцёла ў кожны перыяд жыцця.
Усе неабходныя матэрыялы даступныя для вольнага спампавання на афіцыйным сайце ведамства. Святы Пасад запрашае каталіцкія супольнасці дзяліцца сваімі ініцыятывамі, выкарыстоўваючы адмысловы хэштэг #Elderlyandgrandparents.