2026.05.06 LEONE A ROMA Documentario

Ватыканскі дакументальны фільм пра рымскія гады Льва XIV

Ватыканскае радыё - Vatican News выпусціць новы дакументальны фільм "Leone a Roma", які распавядае пра рымскі перыяд жыцця цяперашняга Папы Льва XIV.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прэм'ера відэастужкі адбудзецца ў сераду 1 ліпеня 2026 года ў 18.00 па рымскім часе на канале YouTube ватыканскіх медыя. Глядач убачыць матэрыял на трох мовах – англійскай, італьянскай і іспанскай. Пры гэтым міжнародныя сродкі масавай інфармацыі змогуць атрымаць праект па спецыяльным запыце.

Для акрэдытаваных пры Зале Друку Святога Пасада журналістаў запланаваны закрыты паказ. Ён пройдзе ў той жа дзень у Ватыканскай фільматэцы за гадзіну да прэм’еры на YouTube.

Кадр з фільма "Leone a Roma"
Кадр з фільма "Leone a Roma"

Новая праца рэдакцыі завяршае адмысловы цыкл, прысвечаны постаці Святога Айца. Гэтая серыя пачалася ў чэрвені 2025 года з фільма "León de Perú" пра яго місію ў Паўднёвай Амерыцы і працягнулася ў лістападзе стужкай "Leo from Chicago" пра яго амерыканскія карані. На гэты раз біяграфічны праект ахоплівае перыяд жыцця Роберта Фрэнсіса Прэвоста, які пачынаецца з яго прыезду ў Італію са Злучаных Штатаў Амерыкі ў 1981 годзе.

Глядач убачыць яго шлях ад настаяцеля Ордэна Святога Аўгусціна да прызначэння прэфектам Дыкастэрыі па справах біскупаў і ўзвядзення ў кардынальскую годнасць у 2023 годзе.

Кадр з фільма "Leone a Roma"
Кадр з фільма "Leone a Roma"

Над гэтым відэапраектам працавалі журналісты Феліпэ Эрэра-Эспаліят, Сальваторэ Чэрнуцыа і Ціцыяна Кампізі. Мантаж выканалі Хаймэ Віскаіна Ара і Стэфана Анэла.

Гісторыя ажывае праз унікальныя кадры і сведчанні сабратаў цяперашняга Папы, старых сяброў, калег па вучобе, манахаў аўгустынскага ордэна і супрацоўнікаў Дыкастэрыі па справах біскупаў.
 

26 чэрвеня 2026, 12:07