Кардынал П'ера Паралін на мерапрыемстве ў Каралеўскай акадэміі Марока Кардынал П'ера Паралін на мерапрыемстве ў Каралеўскай акадэміі Марока 

Кардынал Паралін у Рабаце: ад талерантнасці да гасціннасці

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы ў Рабаце заклікаў перайсці ад простай талерантнасці да сапраўднай гасціннасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

24 чэрвеня 2026 года кардынал П'ера Паралін стаў ганаровым членам Каралеўскай акадэміі ў Рабаце. Сваё выступленне іерарх прысвяціў залатому юбілею дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Марока, якія налічваюць ужо паўстагоддзя.

Кіраўнік дыпламатыі Святога Пасада падкрэсліў глыбокае супадзенне поглядаў абедзвюх дзяржаў. На яго думку, супольным назоўнікам застаецца бачанне рэлігіі як "бастыёна супраць экстрэмізму", а не "падставы да падзелаў". Ён таксама нагадаў пра гістарычныя візіты ў краіну святога Яна Паўла ІІ і Папы Францішка.

Калі братэрства пазбаўлена духоўнага замацавання, яно рызыкуе знікнуць на карысць чыста ўтылітарнай канцэпцыі.

Іерарх звярнуўся да Дакумента аб чалавечым братэрстве, падпісанага ў Абу-Дабі. Гэты маніфест патрабуе ад дзяржаў дзейснага спачування і абноўленай салідарнасці перад тварам сучасных крызісаў. Ён заўважыў, што вера павінна перакладацца ў канкрэтнае служэнне супольнасці, бо менавіта тады яна фарміруе больш справядлівы свет.

Кардынал Паралін падкрэсліў неабходнасць перайсці ад звычайнай талерантнасці да шчырага прыняцця бліжняга. Іерарх таксама нагадаў, што ў Марока пацверджаны правы рэлігійных меншасцей у кантэксце грамадзянства і чалавечай годнасці. Гэтая міжрэлігійная сінергія ярка выяўляецца ў мараканскіх гарадах, дзе побач стаяць мячэці, касцёлы і сінагогі.

Высокі госць звярнуў увагу на першую энцыкліку Папы Льва XIV "Magnifica humanitas". Яна сцвярджае, што годнасць чалавека з'яўляецца вышэйшым дарам Бога і мае анталагічны характар, які не залежыць ад багацця ці дасягненняў. Каб умацаваць гэтыя каштоўнасці, кардынал заклікаў удзяляць увагу адукацыі моладзі, што дапаможа ўратаваць новае пакаленне ад нігілізму і фанатызму.

Сапраўдны мір не можа саступіць прагматызму мімалётных пагадненняў.

Напрыканцы прамовы прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў, што аднаго толькі жадання змяніць свет недастаткова. "Сапраўдны мір не можа саступіць прагматызму мімалётных пагадненняў; ён будуецца з настойлівай цярплівасцю праз сапраўдную культуру дыялогу", - заявіў іерарх. Менавіта такое трывалае і супольнае імкненне, на яго думку, дазваляе гарантаваць асноўныя правы кожнага чалавека і ўмацаваць карыстанне свабодай.
 

24 чэрвеня 2026, 09:10