Арцыбіскуп Рэнца Пегарара падчас выступлення на мерапрыемстве Папскай акадэміі жыцця. Ілюстрацыйнае фота Арцыбіскуп Рэнца Пегарара падчас выступлення на мерапрыемстве Папскай акадэміі жыцця. Ілюстрацыйнае фота 

Сустрэча ў Ватыкане: правы пацыентаў і этыка біябанкаў

У Ватыкане праходзіць сустрэча экспертаў па пераглядзе Тайбэйскай дэкларацыі, дзе абмяркоўваюць этыку выкарыстання медыцынскіх баз даных і абарону правоў пацыентаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Міжнародны форум, арганізаваны супольна Папскай акадэміяй жыцця, Сусветнай медыцынскай асацыяцыяй і Ізраільскай медыцынскай асацыяцыяй, распачаўся ў Ватыкане.

Гэтая трэцяя адкрытая сустрэча экспертаў, якая праходзіць 1 і 2 чэрвеня 2026 года, цалкам прысвечана пытанням справядлівасці, глабальных выклікаў і этычных нормаў у сферы кіравання біябанкамі. Спецыялісты з усяго свету шукаюць шляхі, як узмацніць абарону правоў пацыентаў, асабліва ў неабароненых і абмежаваных у рэсурсах супольнасцях.

Тэхналагічны прагрэс павінен служыць супольнаму дабру, а не ператвараць чалавека ў аб'ект эксплуатацыі

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня Папскай акадэміі жыцця арцыбіскуп Рэнца Пегарара звярнуў увагу на тое, што глыбокае супадзенне паміж прынцыпамі міжнароднага дакумента і пазіцыяй Касцёла палягае ў прызнанні абсалютнай каштоўнасці кожнай асобы.

"Прызнанне таго, што годнасць чалавечай асобы недатыкальная нават перад тварам тэхналагічнага прагрэсу або абяцанняў велізарнай карысці для грамадскага здароўя, з'яўляецца самым глыбокім пунктам збліжэння паміж Тайбэйскай дэкларацыяй і пазіцыяй нашай Акадэміі", - заявіў іерарх.

Ён падкрэсліў канкрэтныя абавязкі медыкаў: не прадаваць медыцынскія звесткі трэцім асобам без згоды, ахоўваць інфармацыю падчас міжнародных даследаванняў і не дазваляць камерцыйнай ці палітычнай логіцы руйнаваць давер пацыентаў.

"Тайбэйская дэкларацыя", прынятая ў 2002 годзе і абноўленая ў 2016 годзе, рэгулюе выкарыстанне інфармацыйных баз аховы здароўя па-за межамі чыста навуковых даследаванняў. Бягучы этап яе перагляду пачаўся ў красавіку 2025 года.

Арганізатары сустрэчы адзначаюць, што асноўныя пагрозы сёння звязаны не з самой навукай, а з рызыкай злоўжыванняў у камерцыйных або палітычных мэтах. Эксперты аналізуюць вострыя праблемы няроўнасці: хто менавіта становіцца донарам біялагічных матэрыялаў, хто кантралюе базы даных і хто карыстаецца вынікамі навуковых адкрыццяў.

Інавацыі патрабуюць трывалага этычнага падмурка, здольнага абараніць грамадскі давер

Арцыбіскуп Пегарара нагадаў прысутным пазіцыю Папы Льва XIV: ён перасцерагае ад "заганнай маніпуляцыі" найноўшымі дасягненнямі. Таксама і Папа Францішак у сваёй энцыкліцы "Laudato si’" асудзіў пашырэнне тэхнакратычнай парадыгмы, калі мерай усяго становяцца выключна кантроль, прыбытак і эфектыўнасць, што ператварае чалавека ў звычайную дэталь сістэмы.

Сустрэча ў Ватыкане стала чарговай важнай вяхой у шматгадовым сумесным шляху Касцёла і медыцынскай супольнасці. Раней сумесныя намаганні былі накіраваны на абмеркаванне медыцынскага догляду напрыканцы жыцця ў лістападзе 2017 года, справядлівага доступу да вакцын у ліпені 2021 года і перагляду "Хельсінкскай дэкларацыі" ў студзені 2024 года.

Цяперашні дыялог пацвярджае, што адказы на выклікі лічбавай эпохі немагчыма знайсці толькі з дапамогай тэхнічных або юрыдычных інструментаў – яны патрабуюць сур'ёзнага этычнага асэнсавання.
 

01 чэрвеня 2026, 11:24