Каманда "Archivio" стала новым чэмпіёнам Ватыкана па футболе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пакуль на палях Мексікі, Канады і Злучаных Штатаў Амерыкі толькі распачаўся Чэмпіянат свету па футболе, у Дзяржаве Ватыкан ужо вызначыўся свой чэмпіён. Вырашальная сустрэча завяршылася пераканаўчай перамогай футбалістаў "Archivio". Яны перайгралі сапернікаў з каманды "Dirseco" (Дырэкцыі эканамічных службаў) з лікам 4:0. Гэты поспех дазволіў ім упэўнена завяршыць спартыўны сезон у якасці новага ўладальніка тытула.
Фінальная сустрэча стала спартыўным завяршэннем усяго сезона. Гэта быў час, калі розныя ўстановы Святога Пасада і Ватыкана змагаліся не толькі за галы і ачкі, але таксама за сумленнасць і братэрства.
Трохі раней адбыўся фінал Кубка спартыўнасці, дзе сустрэліся каманды "Pacao" і "Collegio Spagnolo". Перамогу ў гэтым матчы з лікам 5:2 святкавалі футбалісты "Pacao". Яны таксама атрымалі ганаровы “Кубак Fair Play”.
Акрамя камандных узнагарод, арганізатары адзначылі спартыўныя паводзіны на працягу ўсяго сезона. “Кубак дысцыпліны” за выключную сумленную гульню дастаўся футбольнаму клубу "San Giovanni".
Асобныя прызы атрымалі і спартсмены за асабістыя дасягненні. Тытул найлепшага варатара сезону дастаўся Джанлуку Кікі, які прадстаўляў каманду "Dirseco". Найлепшым бамбардзірам стаў Леанарда Траяні, які таксама з'яўляецца гульцом гэтага футбольнага калектыву.