Прадстаўнікі каманды "Athletica Vaticana" на велагонцы "L’Étape Trondheim by Tour de France" Прадстаўнікі каманды "Athletica Vaticana" на велагонцы "L’Étape Trondheim by Tour de France" 

Велагонка ў Нарвегіі: ватыканскія спартсмены на старце

Прадстаўнікі ватыканскай спартыўнай асацыяцыі прынялі ўдзел у прэстыжнай велагонцы ў нарвежскім Тронхейме, аб'яднаўшы спартыўныя спаборніцтвы з малітвай у інтэнцыях Папы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Два прадстаўнікі ватыканскай зборнай "Athletica Vaticana" прынялі ўдзел у веласіпеднай гонцы "L’Étape Trondheim by Tour de France". Нарвежскі горад Тронхейм прымаў удзельнікаў афіцыйнага цыкла мерапрыемстваў, арганізаваных пад маркай "Tour de France". Сярод тысяч веласіпедыстаў былі супрацоўнікі Дзяржаўнага сакратарыята і Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў, якіх суправаджаў прадстаўнік Дыкастэрыі па культуры і адукацыі.

Перад самым стартам, у якім удзельнічалі каля 3,5 тысяч веласіпедыстаў, адбылася сумесная малітва ў інтэнцыях Папы. Гэты момант духоўнай падрыхтоўкі з'яўляецца характэрным для "Athletica Vaticana". Ён натхнёны спартыўнай духоўнасцю, звязанай з санктуарыем Маці Божай з Гізала, якую Пій XII абвясціў заступніцай веласіпедыстаў. На думку арганізатараў, прысутнасць ватыканскай дэлегацыі мае глыбокае значэнне, якое выходзіць далёка за межы выключна спорту.

Гэтая падзея таксама стала пачаткам падрыхтоўкі да нацыянальнага юбілею, прысвечанага 1000-годдзю смерці і кананізацыі святога Олафа, караля Нарвегіі, якога шануюць як мучаніка і католікі, і праваслаўныя. Яго Нарвегія адзначыць у 2030 годзе.

Тронхейм разам са сваёй катэдрай застаецца адным з найважнейшых паломніцкіх месцаў Паўночнай Еўропы і духоўным цэнтрам краіны.

Удзел "Athletica Vaticana" у велагонцы цалкам адпавядае місіі спартыўнай асацыяцыі – праз спорт спрыяць прасоўванню каштоўнасцей дыялогу, сяброўства, салідарнасці і міру.
 

15 чэрвеня 2026, 10:45