Пошук

Vaticano: inaugurazione del presepe e dell'albero in piazza S.Pietro

Ялінка на Плошчы Святога Пятра зазіхаціць дзіцячымі марамі

На святкаванне Божае Нараджэнне 2026 года галоўную ялінку Ватыкана ўпрыгожаць хворыя дзеці, а калядныя яслі адлюструюць традыцыі Абруца і марскую тэматыку.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Традыцыйнае каляднае дрэва на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане на святкаванне Божага Нараджэння 2026 года будзе аздоблена глінянымі вырабамі, якія адлюструюць жаданне шматлікіх хворых дзяцей, што праходзяць лячэнне ў італьянскіх бальніцах, жыць і выздаравець. Менавіта яны стануць майстрамі, якія вылепяць з гліны калядныя дэкарацыі. Гэтыя ўпрыгажэнні распавядуць агульную гісторыю, сатканую з патаемных думак і эмоцый маленькіх пацыентаў.

Праект пад назвай "Свет, які я хацеў бы" рэалізуецца па ініцыятыве Фонду Лене Тун (Fondazione Lene Thun). Серабрыстую піхту вышынёй каля 25 метраў прывязуць з лесу Куньё-дэль-Ачэра. Гэта дар муніцыпалітэта Тэранава-дзі-Паліна з італьянскай правінцыі Патэнца.

Мастацтва як прастора для выяўлення пачуццяў і суцяшэння

Дэкарацыі для елкавых галінак будуць створаны падчас штотыднёвых заняткаў па кераміка-тэрапіі, якія Фонд арганізуе ў дзіцячых анкагематалагічных аддзяленнях італьянскіх бальніц, забяспечваючы псіхалагічную падтрымку ў перыяд хваробы.

Гэтая некамерцыйная арганізацыя, заснаваная ў 2006 годзе, адкрыла 56 майстэрань у 36 перадавых медыцынскіх установах. За дваццаць гадоў дзейнасці больш за 80 тысяч дзяцей і іх сем'яў змаглі знайсці ў гэтым працэсе магчымасць для самавыяўлення, палёгкі і супольнага дзялення перажываннямі. Праца будзе выканана пры падтрымцы Губернатарата Дзяржавы Ватыкан праз Дырэкцыю інфраструктуры і паслуг.

Калядныя яслі на Плошчы Святога Пятра сёлета прадставіць італьянская архідыяцэзія К'еці-Васта супольна з Асацыяцыяй сяброў ясляў Атэсы (Associazione Amici del Presepe di Atessa), Свабодным брацтвам мастакоў (Libera Confraternita degli Artisti) і Цэнтрам турэмнай адукацыі святых Пятра і Паўла ў Васта (Centro Educazione Carcerario Santi Pietro e Paolo di Vasto).

Кампазіцыя спалучыць біблейскае пасланне з вясковымі традыцыямі рэгіёна Абруца. Хлеў з характэрнай саламянай страхой нагадае пра месцы працы сялян і старажытныя народныя хаты "пальярэлі" або "пінчэрэ", зробленыя з зямлі і саломы. Шматлікія пастухі ў традыцыйных строях з грубага сукна і авечых шкур стануць сімвалам простай і шчырай веры.

Глыбокая сімволіка кожнага элемента святочнай кампазіцыі

У яслях будзе і выява чорнай авечкі. Яна стане сімвалам Божай міласэрнасці да згубленага чалавецтва і грэшніка, якога Хрыстус жадае вярнуць да сябе, нагадваючы, што ніхто не выключаны з радасці Хрыстовага Нараджэння. Над яслямі будзе ўзвышацца вежа, дзе чувае анёл, які абвяшчае славу Слова, што стала целам. Гэты элемент адсылае да біблейскай вежы Мігдал-Эдэр, або "Вежы статка" – месца, якое Традыцыя і Святое Пісанне вызначаюць як пункт першага аб’яўлення Месіі. Сцэнаграфію дапоўняць фігуры жывёл і традыцыйнае вясковае начынне з Абруца.

Калядныя яслі ў ватыканскай Зале Паўла VI, падораныя Фондам карнавалу Віярэджа (Fondazione Carnevale di Viareggio), адлюструюць мясцовыя марскія традыцыі. Элементы мора і побыту рыбакоў набудуць тут сімвалічнае і духоўнае значэнне. Асаблівае месца ў гэтай кампазіцыі адведзена святому Юзафу, які будзе паказаны як ахоўнік крохкасці і святла, а Мудрацоў прадставяць у вобразе рыбакоў, якія прыносяць марскія дары – сімвалы супольнасці, гасціннасці і дабрабыту.
 

02 чэрвеня 2026, 10:28