Падчас кансісторыя кардыналаў. Архіўнае фота Падчас кансісторыя кардыналаў. Архіўнае фота  (ANSA)

Дэкан Калегіі кардыналаў заклікаў да шчырага дыялогу ў Ватыкане

Кардынал-дэкан Джавані Батыста Рэ скіраваў ліст да чальцоў Калегіі кардыналаў, у якім акрэсліў галоўныя тэмы, задачы і парадак працы бліжэйшага чэрвеньскага кансісторыя.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сваім звароце, датаваным 3 чэрвеня 2026 года, кардынал Джавані Батыста Рэ падкрэсліў, што бліжэйшая сустрэча, якая пройдзе 26, 27 і 29 чэрвеня 2026 года, павінна стаць найперш прасторай для ўзаемнага слухання, распазнання і глыбокага аналізу пытанняў, важных для жыцця і місіі Касцёла.

Святы Айцец імкнецца сабраць вопыт і парады кардыналаў, разлічваючы на іх актыўную падтрымку. Таму праца будзе праходзіць у атмасферы свабоды і шчырасці.

Супольны пошук адказаў на выклікі часу пачнецца з аналізу міжнароднай сітуацыі

Праграма прадугледжвае чатыры асноўныя сесіі. Першае пасяджэнне пройдзе ў форме супольнай медытацыі і малітвы за рэгіёны свету і мясцовыя Касцёлы. Кардыналы адкажуць на два пытанні: "якія пакуты, напружанасць і пытанні хвалююць сёння з найбольшай сілай народы і касцельныя супольнасці, даручаныя Вашай апецы?" і "якія знакі надзеі, вернасці Евангеллю і магчымага прымірэння Вам здаецца важным данесці да ўсіх?".

Наступныя дзве сесіі будуць прысвечаны паглыбленаму вывучэнню першай энцыклікі Льва XIV "Magnifica humanitas". Удзельнікі разгледзяць, як сёння пацвердзіць "пераадоленне тэорыі "справядлівай вайны", на якую занадта часта спасылаюцца для апраўдання любой вайны", і паспрабуюць знайсці канкрэтныя шляхі для будавання міру.

Ад евангельскага позірку на чалавека да супольнага кроку ў будучыню Касцёла

Трэцяя сесія засяродзіцца на тэме "будаваць у дабры", каб асэнсаваць сучасныя змены ў святле Евангелля і накіраваць чалавечае імкненне да шчасця на шлях цэласнага развіцця.

На завяршальным пасяджэнні кардыналы абмяркуюць ход рэалізацыі Сінода на аснове дакумента "На шляху да сінадальных асамблей 2027-2028. Этапы, крытэрыі і інструменты для падрыхтоўкі". Пасля гэтага адбудзецца вольны дыялог са Святым Айцом, дзе кожнаму выступоўцу адвядуць па тры хвіліны.

Кардынал Рэ заклікаў да глыбокай малітоўнай падрыхтоўкі, адзначыўшы, што ўклад кожнага кардынала будзе плённым, калі ён нараджаецца з жывога кантакту з Божым народам.

Сустрэчы пройдуць у ватыканскіх Зале Паўла VI і ў Сінадальнай зале. Кансісторый завершыцца 29 чэрвеня 2026 года ў Базіліцы Святога Пятра, дзе Папа ўзначаліць святую Імшу ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, благаславіць паліі і ўскладзе іх на новых арцыбіскупаў-мітрапалітаў.

У лісце таксама ўдакладняецца, што супольная Эўхарыстыя ў нядзелю 28 чэрвеня 2026 года не запланавана.
 

04 чэрвеня 2026, 10:23