Пошук

Кардынал Джордж Джэйкаб Кувакад (справа) і імам Ях'я Палавічыні падчас другой Парламенцкай канферэнцыі па міжрэлігійным дыялогу ў Рыме. 19.06.2025 Кардынал Джордж Джэйкаб Кувакад (справа) і імам Ях'я Палавічыні падчас другой Парламенцкай канферэнцыі па міжрэлігійным дыялогу ў Рыме. 19.06.2025  (ANSA)

Кардынал Коавакад у Рыме: дыялог не падмяняе сабой Хрыста

Міжрэлігійны дыялог Святога Пасада не азначае адмовы ад евангелізацыі або прызнання ўсіх рэлігій роўнымі, заявіў прэфект профільнай дыкастэрыі кардынал Джордж Джэйкаб Коавакад.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У размове з медыярэсурсам "AdVaticanum" прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу закрануў найбольш рэзанансныя пытанні дзейнасці Святога Пасада. Паводле яго слоў, візіты Пантыфікаў у нехрысціянскія месцы культу не з’яўляюцца праявай рэлігійнага рэлятывізму і не азначаюць роўнасці ўсіх веравучэнняў.

Пурпурат, які паходзіць з Індыі, нагадаў, што такое ўзаемадзеянне нельга лічыць альтэрнатывай місійнаму пакліканню Касцёла. Аўтэнтычнае супрацоўніцтва павінна будавацца на трывалым падмурку хрысціянскай ідэнтычнасці і перакананасці, што Хрыстус – адзіны Збаўца. "Дыялог не падмяняе сабой абвяшчэння Евангелля, але яно павінна адбывацца ў духу дыялогу", - падкрэсліў іерарх.

Кардынал растлумачыў, што Касцёл пакліканы падтрымліваць прастору для кантактаў нават падчас глыбокіх супярэчнасцей. Гэтай логікай ён абгрунтаваў сваю сустрэчу з Патрыярхам Маскоўскім Кірылам у 2025 годзе, якае сустрэла крытыку з прычыны падтрымкі ім расійскага ваеннага ўварвання ва Украіну.

Поўнае спыненне дыялогу рэдка дапамагае міру, таму камунікацыя застаецца неабходнай пры любых маральных адрозненнях. "Касцёл не пакідае сваіх маральных прынцыпаў, калі вядзе дыялог", - упэўнены прэфект. Ён дадаў, што ў краінах з пераследам вернікаў дыялог нараджаецца не на тэалагічных сустрэчах, а праз канкрэтныя жэсты суіснавання і дапамогі.

У якасці прыкладу іерарх прывёў нядаўні візіт Льва XIV у Вялікую мячэць у Алжыры, заклікаўшы вернікаў не бачыць у гэтым сінкрэтызму. Католікі павінны ўспрымаць гэтыя крокі як сімвалічныя акты павагі, а не як сінкрэтызм ці рэлятывізацыю веры. Прэфект нагадаў пра важнае адрозненне паміж сумеснай малітвай і прысутнасцю разам падчас малітвы.

Наведваючы храмы іншых рэлігій, Папа выказвае павагу людзям, якія шчыра шукаюць Бога, і падтрымлівае мірнае суіснаванне. Аднак такога роду ініцыятывы патрабуюць разважлівасці, каб пазбегнуць дактрынальных непаразуменняў і ўражання рэлятывізму.

52-гадовы кардынал Коавакада кіруе дыкастэрыяй са студзеня 2025 года. Ён нарадзіўся ў Індыі і належыць да Сіра-Малабарскай Царквы. Раней іерарх працаваў у нунцыятурах у Алжыры, Карэі, Іране, Коста-Рыцы і Венесуэле. З 2021 года яму была даручана арганізацыя апостальскіх падарожжаў Пантыфіка. Зараз ён з’яўляецца першым прадстаўніком сваёй усходняй супольнасці на чале структуры Святога Пасада і адным з наймаладзейшых членаў Калегіі кардыналаў.
 

24 чэрвеня 2026, 10:28