Ватыканская каманда на еўрапейскім легкаатлетычным турніры
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Чэмпіянат праводзіцца кожныя два гады, пачынаючы з 2016 года. Сёлета ён упершыню адбыўся пад новай назвай – “European Challenger Championships”. У спаборніцтвах бралі ўдзел каля 300 атлетаў з 16 краін: Албаніі, Андоры, Азербайджана, Арменіі, Гібраалтара, Грузіі, Ісландыі, Кіпра, Косава, Люксембурга, Малдовы, Мальты, Манака, Паўночнай Македоніі, Сан-Марына і Чарнагорыі.
Каманда Ватыкана ўдзельнічала ў турніры ў якасці спецыяльнага госця. Вітаючы яе членаў, князь Манака Альберт ІІ згадаў пра нядаўні візіт Льва XIV у гэтую краіну і святую Імшу, якую ён цэлебраваў на стадыёне, на якім праходзілі спаборніцтвы.
Падчас Чэмпіянату выкарыстоўваліся эстафетныя палачкі з лацінскім надпісам “Simul Currebant” (лац. Пабеглі разам), які адсылае да слоў з Евангелля св. Яна (20,4) пра тое, што Пётр і Ян “пабеглі абодва разам” да магілы Хрыста ў дзень Уваскрасення.
Леў XIV асабіста благаславіў ватыканскіх атлетаў на ўдзел у спаборніцтвах падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла на мінулым тыдні на Плошчы Святога Пятра, пажадаўшы членам “сваёй” каманды перажыць міжнародны турнір у духу братэрства.
Прадстаўнікі “Athletica Vaticana” двойчы занялі чацвёртае месца – Сара Карнічэлі ў бегу на 5 тысяч метраў і Джузэпэ Тэта – у кіданні кап’я. Эмільяна Марбідэлі фінішыраваў дзясятым у бегу на 5 тысяч метраў, Паола Тэта – заняў дванаццатае месца ў штурханні ядра, а Джулія П’ерантоцы – шаснаццатае ў бегу на 100 метраў.