Трэцяя сесія кансісторыя: дыскусіі пра падзелы сучаснага свету
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Другі дзень працы надзвычайнага кансісторыя пачаўся святой Імшой, якую ў Базіліцы Святога Пятра ўзначаліў кардынал Джавані Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў. У гаміліі іерарх звярнуў увагу на важнасць будавання братэрства ў наш час, пазначаны культам сілы.
Затым кардыналы сабраліся ў Зале Паўла VI, дзе пасля супольнай малітвы пад кіраўніцтвам Папы, выслухалі даклад паўднёваафрыканскага кардынала Стэфана Брысліна, арцыбіскупа Ёханэсбурга, і прыступілі да працы ў групах. Затым былі прадстаўлены справаздачы аб выніках дыскусій.
Большасць удзельнікаў кансісторыя разважала пра глыбокія падзелы нашага часу – паміж краінамі, народамі, унутры грамадстваў і нават у сем’ях. Ад гэтых падзелаў асабліва пакутуюць бедныя, слабыя і моладзь. Многія адзначалі небяспеку страты сэнсу, адсутнасці сапраўдных адносін і ідэнтычнасці, што вядзе да “племяннога” мыслення. Усе падкрэслівалі ролю празмернага індывідуалізму, які стварае ілюзію, што іншыя людзі існуюць толькі для нашага поспеху.
У гэтым кантэксце абмяркоўвалася і праблема штучнага інтэлекту як антрапалагічнае пытанне, над якім трэба разважаць у святле агульных чалавечых каштоўнасцяў. Падкрэслівалася неабходнасць называць жывых істот па імені, а не зводзіць іх да лічбаў і статыстыкі, а таксама важнасць прыняцця чалавечых межаў, якія штучны інтэлект схільны ігнараваць, і абароны годнасці працы.
У гэтым жа кантэксце многія групы гаварылі пра каштоўнасць агульнага дабра як пра рэчаіснасць, складаную для разумення і прыняцця, якую палітыка часта не ставіць у цэнтр увагі. Падкрэслівалася патрэба “мовы сэрца”, каб пераадолець канфармізм, карупцыю і пачуццё безвыходнасці, што ўзнікае з усведамлення, што рэсурсы і ўмовы для дасягнення агульнага дабра сканцэнтраваныя ў руках невялікага кола людзей.
Многія групы адзначалі, што паняцце агульнага дабра вынікае з веры ў Бога і ў трансцэндэнтнае вымярэнне кожнага чалавека. Гэтая вера вядзе чалавека да пераадолення межаў – пачынаючы з пераадолення самога сябе – да салідарнасці з беднымі як адказу на індывідуалізм, да паўнавартаснага жыцця каталіцкасцю, будавання бескарыслівых адносін на ўсіх узроўнях і пошуку мовы, здольнай весці дыялог з асяроддзямі, далёкімі ад хрысціянскай веры.
У гэтым вялікая роля належыць палітыцы, а таксама ўдзелу касцельных інстытуцый у падрыхтоўцы будучых дзяржаўных служачых. Падкрэслівалася неабходнасць вывучэння сацыяльнага вучэння Касцёла як “леку” супраць падзелаў.
Як адзначалі многія групы, індывідуалізму і падзелам супрацьстаіць Касцёл, які дае пачуццё прыналежнасці і здольны гаіць раны нашага часу. Ён павінен абнаўляцца і паказваць сваё “самарытанскае аблічча”: хрысціяне павінны быць не назіральнікамі сацыяльнага заняпаду, а мудрымі “будаўнікамі горада для ўсіх”.
У гэтым кантэксце як знак надзеі адзначалася ўсведамленне таго, што ва ўсім свеце людзі сутыкаюцца з падобнымі выклікамі і што еднасць з Хрыстом робіць чалавека менш залежным ад меркавання іншых.