Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Siam Pukkato)

Святы Пасад: змагацца з гандлем дзецьмі і падтрымліваць маці

Арцыбіскуп Этарэ Балестрэра заклікаў міжнародную супольнасць актывізаваць барацьбу з гандлем дзецьмі. Ён падкрэсліў, што дзеці, якія сталі ахвярамі гандляроў, маюць патрэбу ў абароне, спачуванні, клопаце і рэабілітацыі, а не ў пакаранні за дзеянні, здзейсненыя пад прымусам.

Марыя Валодзіна – Vatican News

22 чэрвеня 2026 года Пастаянны назіральнік Святога Пасада пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе прыняў удзел у двух пасяджэннях у рамках 62-й чарговай сесіі Рады ААН па правах чалавека. Адно з іх было прысвечана пытанням гандлю дзецьмі, другое – праблеме насілля і дыскрымінацыі, якім падвяргаюцца жанчыны і дзяўчыны ў сувязі з мацярынствам.

Гандаль дзецьмі

Арцыбіскуп Балестрэра адзначыў, што гандаль людзьмі з’яўляецца сучаснай формай рабства і цяжкім парушэннем чалавечай годнасці. Дзіця, якое стала ахвярай гандлю людзьмі, павінна разглядацца як пацярпелы, які мае патрэбу ў абароне, спачуванні, клопаце і рэабілітацыі, а не ў пакаранні за дзеянні, здзейсненыя пад прымусам эксплуатацыі. Адказнасць за злачынствы нясуць гандляры людзьмі, а не дзіця, - падкрэсліў ён.

Прадстаўнік Святога Пасада звярнуў увагу на тое, што ўразлівасць дзяцей-мігрантаў узмацняецца праз выкарыстанне лічбавых тэхналогій. Асаблівую занепакоенасць выклікае з’ява “кібер-рабства”, калі чалавека ўцягваюць у злачынную дзейнасць, у тым ліку інтэрнэт-махлярства і кантрабанду наркотыкаў. Злачынныя сеткі актыўна выкарыстоўваюць анлайн-платформы і ананімныя каналы для вярбоўкі, кантролю і перамяшчэння сваіх ахвяр, сярод якіх часта аказваюцца непаўналетнія, - падкрэсліў дыпламат.

Арцыбіскуп Балестрэра падкрэсліў важнасць прафілактыкі, абароны, вызвалення і рэабілітацыі ахвяр гандлю людзьмі. Ён адзначыў, што стварэнне бяспечных і законных міграцыйных маршрутаў можа спрыяць супрацьдзеянню гандлю людзьмі. Асобную ролю ў абароне дзяцей адыгрывае ўз’яднанне сем’яў і сістэма апекі над дзецьмі, якія засталіся без дарослых. На фоне войнаў, тэрарызму, гандлю людзьмі і шырока распаўсюджанай агрэсіі асабліва важна фарміраваць у дзяцей культуру жыцця, дыялогу і ўзаемнай павагі, - сказаў прадстаўнік Святога Пасада.

Дыскрымінацыя жанчын з-за мацярынства

Арцыбіскуп Балестрэра адзначыў, што мацярынства часта недаацэньваецца і ўспрымаецца як прыватны выбар, а не як значны ўклад у грамадства, які патрабуе прызнання і падтрымкі з боку дзяржаўных інстытутаў. Ён нагадаў пра права жанчын на асаблівую дапамогу і абарону да і пасля нараджэння дзіцяці, уключаючы водпуск з захаваннем зарплаты і належныя сацыяльныя гарантыі. Неабходна надаць асаблівую ўвагу такой з’яве, як “пакаранне за мацярынства”, калі жанчыны сутыкаюцца з перашкодамі ў прафесійным развіцці пасля нараджэння дзяцей, - адзначыў ватыканскі дыпламат.

Арцыбіскуп Балестрэра заклікаў дзяржавы і працадаўцаў ствараць умовы, якія дазваляюць жанчынам сумяшчаць сямейнае і прафесійнае жыццё, а таксама спрыяюць больш раўнамернаму размеркаванню адказнасці паміж маці і бацькамі. Ён выказаў занепакоенасць культурнымі і інстытуцыйнымі тэндэнцыямі, якія разглядаюць мацярынства як перашкоду для паляпшэння становішча жанчын замест таго, каб прызнаваць яго незаменны ўклад у жыццё і будучыню грамадства.

Беднасць і цяжкае матэрыяльнае становішча могуць падштурхоўваць жанчын да аборту. Прапаноўваць у такой сітуацыі не рэальную дапамогу, а пазбаўленне жыцця ненароджанага дзіцяці азначае ў другі раз пакінуць жанчыну без неабходнай падтрымкі. Спасылаючыся на Льва XIV, арцыбіскуп Балестрэра падкрэсліў, што дзяржаўныя рэсурсы павінны накіроўвацца на падтрымку маці і сем’яў, а галоўнай мэтай павінна заставацца абарона кожнага ненароджанага дзіцяці і канкрэтная дапамога кожнай жанчыне, каб яна магла прыняць новае жыццё, - адзначыў прадстаўнік Святога Пасада.

23 чэрвеня 2026, 11:33