2024.10.29 Rapporto Annuale Tutela Minorum inglese

Папская камісія і праваабаронцы пачалі дыялог у Рыме

У Рыме прайшла першая вочная сустрэча Папскай камісіі па абароне непаўналетніх і абаронцаў правоў пацярпелых, прысвечаная ўзмацненню бяспекі ў Касцёле.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

15 і 16 чэрвеня 2026 года ў рымскім палацы Мафеі адбыліся "Рымскія дыялогі па бяспецы". Гэты сумесны форум быў прапанаваны Львом XIV пасля яго сустрэчы з кіраўніцтвам міжнароднай арганізацыі па барацьбе з насіллем духавенства "Ending Clergy Abuse" у кастрычніку 2025 года.

Сустрэча аб'яднала прадстаўнікоў Папскай камісіі па абароне непаўналетніх і абаронцаў правоў пацярпелых. Праца праходзіла на аснове спецыяльнага падыходу, які ўлічвае псіхалагічныя траўмы, у духу слухання і сумеснай адказнасці.

Старшыня Папскай камісіі арцыбіскуп Тыбо Верні падкрэсліў, што Касцёл абавязаны слухаць ахвяр. Паводле яго слоў, гэта павінна быць "актыўным працэсам з канкрэтнымі вынікамі, каб мець давер". Кіраўнік рады міжнароднай арганізацыі Джэма Хікі заклікала да "цікавасці, дабрыні і надзеі" ў справе абароны дзяцей і безабаронных асоб ад гвалту. Дыскусіі былі засяроджаны на правах ахвяр, інстытуцыйнай адказнасці, справядлівасці і абавязковых прынцыпах бяспекі.

У цэнтры ўвагі бакоў апынуліся новыя прававыя нормы і пашырэнне кола асоб, якія патрабуюць апекі.

Папская камісія прадставіла свае новыя зацверджаныя статуты і метадалогію штогадовай справаздачы па вымярэнні практык бяспекі ў мясцовых Касцёлах.

Праваабаронцы, якія дзейнічаюць у 14 краінах на 5 кантынентах, заклікалі прыняць у кананічным праве ўніверсальную норму “нулявой талерантнасці”. Гэтая ініцыятыва, заснаваная на прыкладзе зацверджаных Святым Пасадам правіл для Злучаных Штатаў, прадугледжвае выразныя стандарты і канчатковае выдаленне са службы пры доказе віны. Удзельнікі таксама адзначылі патрэбу пашырыць захады бяспекі на законніц, святароў, семінарыстаў і членаў свецкіх рухаў.

Па выніках працы бакі вызначылі канкрэтныя крокі для далейшага супрацоўніцтва. Удзельнікі дамовіліся развіваць дыялог па рэкамендацыях аб “нулявой талерантнасці” і абменьвацца прапановамі па кананічным праве.

Плануецца пашырыць узаемадзеянне з групамі пацярпелых, асабліва ў малапрадстаўленых рэгіёнах, і стварыць пастаянныя камунікацыйныя механізмы. Таксама прысутныя выказалі гатоўнасць вырашаць праблемы, звязаныя з культурнымі і структурнымі бар'ерамі на шляху рэалізацыі гэтых мер.
 

16 чэрвеня 2026, 15:23