Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Ватыканскіх музеях прадставяць праект рэстаўрацыі Лоджыі Рафаэля

24 чэрвеня 2026 года ў Ватыканскіх музеях адбудзецца прэзентацыя маштабнага праекта рэстаўрацыі заходняга крыла Лоджыі Рафаэля – знакамітай галерэі, аздобленай фрэскамі вялікага майстра эпохі Адраджэння. Праект разлічаны на пяць гадоў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Лоджыя Рафаэля размешчана на другім паверсе Апостальскага палаца і выходзіць на Панадворак святога Дамаса. Гэтая крытая галерэя ўпрыгожана фрэскамі, створанымі паводле праекта Рафаэля Санці і выкананымі ў 1517–1519 гадах яго вучнямі па замове Папы Льва X, які ўзначальваў Касцёл у 1513–1521 гадах. Фрэскі адлюстроўваюць біблійныя сцэны ў спалучэнні з дэкаратыўнымі “гратэскамі”.

З моманту стварэння Лоджыя Рафаэля лічылася адным з найвышэйшых дасягненняў мастацтва эпохі Адраджэння ў архітэктуры. Да сёння яна застаецца адным з найбольш вытанчаных сведчанняў мастацкай мовы першай паловы XVI стагоддзя.

У межах рэстаўрацыйнага праекта каманда, якая складаецца з больш як дваццаці рэстаўратараў Ватыканскіх музеяў, будзе працаваць над захаваннем фрэсак Лоджыі, агульная плошча якіх складае каля 1300 квадратных метраў.

Прэзентацыя праекта адбудзецца ў сераду, 24 чэрвеня, у 11:00. Журналісты і супрацоўнікі СМІ, якія жадаюць прыняць удзел, запрашаюцца прайсці анлайн-акрэдытацыю не пазней як за 24 гадзіны да пачатку мерапрыемства: press.vatican.va/accreditamenti

18 чэрвеня 2026, 12:28