Спецпасланнік Папы ў Каўнасе: маліцца аб дары міру
Марыя Валодзіна - Vatican News
Візіт ватыканскага дыпламата прымеркаваны да юбілею мітраполіі, якая была заснаваная ў 1926 годзе, калі Пій XI апостальскай канстытуцыяй "Lituanorum gente" зацвердзіў праект новай касцельнай правінцыі. Арцыбіскуп Галахер выступіў у якасці спецыяльнага пасланніка Льва XIV.
У гаміліі ён даручыў народы, якія пакутуюць ад вайны, заступніцтву Маці Божай і заклікаў маліцца аб дары раззброенага і абяззбройвальнага міру.
Арцыбіскуп Галахер правёў паралель паміж выпрабаваннямі літоўскага народа ў савецкія часы і сучаснымі ўзброенымі канфліктамі. Як тагачасныя літоўскія католікі знаходзілі падтрымку ў даверы да Найсвяцейшай Панны Марыі, так і сёння Касцёл павінен звяртацца да Яе па абарону і кіраўніцтва ў часы вялікай бяды, параненыя разбуральным канфліктам у змучанай Украіне.
Па словах арцыбіскупа Галахера, гісторыя Касцёла ў Літве сведчыць пра моц веры, якая вытрымала пераслед з боку савецкага рэжыму. Ён нагадаў пра святароў, кансэкраваных асоб і дзясяткі тысяч вернікаў, якія былі дэпартаваныя ў сібірскія лагеры, і адзначыў, што гэтыя выпрабаванні не змаглі знішчыць Касцёл.
Іерарх нагадаў кранальную гісторыю Крыжовай гары, якая стала сімвалам вернасці Хрысту і памяці пра тых, хто загінуў у паўстаннях XIX стагоддзя супраць Расійскай імперыі, а потым, падчас савецкай акупацыі, у памяць пра ахвяр рэпрэсій. Ён узгадаў, што падчас апостальскага падарожжа ў Літву ў 1993 годзе Папа Ян Павел II назваў гэтую гару, неаднаразова знішчаную бульдозерамі савецкіх уладаў, “сучасным Калізеем”.
На працягу дзесяцігоддзяў пераследаў Слова Божае не засталося для літоўскага народа тэорыяй, але стала целам у целе вашых мучанікаў! – сказаў арцыбіскуп Галахер. Спасылаючыся на словы Тэртуліяна пра тое, што кроў мучанікаў – гэта насенне новых хрысціян, ён адзначыў, што гісторыя літоўскага Касцёла пацвярджае праўдзівасць гэтых слоў. Ён падкрэсліў ролю пастыраў, перш за ўсё благаслаўлёнага біскупа Юрыя Матулевіча, які ў 1926 годзе абвясціў апостальскую канстытуцыю Пія XI аб стварэнні новай касцёльнай структуры ў Літве.
На заканчэнне гаміліі іерарх падкрэсліў, што ўрачыстасць стагоддзя першай касцёльнай правінцыі Літвы з'яўляецца нагодай падзякаваць Богу за вялікія справы, здзейсненыя ў гэтым Касцёле мучанікаў і ўмацаваць вернікаў на шляху да нябёсаў.