Пошук

Падчас ватыканскай сустрэчы кіраўнікоў кантынентальных касцельных структур Падчас ватыканскай сустрэчы кіраўнікоў кантынентальных касцельных структур 

У Ватыкане вызначылі крокі да сінадальнай асамблеі 2028 года

У Ватыкане завяршылася трохдзённая сустрэча кіраўнікоў кантынентальных касцельных структур, удзельнікаў якой прыняў Леў XIV.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

26 чэрвеня 2026 года Генеральны сакратарыят Сінода падвёў вынікі працы прадстаўнікоў кантынентальных касцельных структур. На працягу трох дзён, з 23 па 25 чэрвеня 2026 года, у Рыме супольна абмяркоўвалі практычнае ўвасабленне сінадальных рашэнняў.

Галоўнай падзеяй стала закрытая сустрэча дэлегатаў з Львом XIV. Кардынал Марыа Грэк назваў гэтую падзею знакам благаслаўлення для далейшай працы. "Сустрэча са Святым Айцом стала для ўдзельнікаў моцным знакам падтрымкі і заахвочвання ў працягу іх працы дзеля сінадальнага навяртання Касцёла", - заявіў генсек Сінода.

Прадстаўнікі розных кантынентаў прыбылі ў Рым, каб вызначыць канкрэтныя крокі на аснове новага дакумента "На шляху да сінадальных асамблей 2027-2028. Этапы, крытэрыі і інструменты для падрыхтоўкі". Кардынал Грэк нагадаў пра ўнікальнасць сучаснага працэсу і шматлікія мясцовыя ініцыятывы. Рымскі форум, як адзначаецца ў заяве Генеральнага сакратарыята, прысвяцілі слуханню і распазнаванню ў рамках новага сінадальнага часу.

Цяпер лакальныя супольнасці павінны адаптаваць выніковыя рэкамендацыі да свайго кантэксту. Гаворка ідзе пра сустрэчы ў дыяцэзіях і епархіях, адмысловыя асамблеі біскупскіх канферэнцый і кантынентальныя форумы.

Удзельнікі падкрэслілі, што іх місія палягае ў суправаджэнні, а не ў кантролі. Нягледзячы на геаграфічныя і палітычныя выклікі, Касцёл імкнецца зрабіць сінадальнасць пастаянным вымярэннем свайго жыцця, - адзначыў Генеральны сакратарыят Сінода.
 

26 чэрвеня 2026, 11:29