“Грош святога Пятра”: фінансавая справаздача за 2025 год
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Паводле штогадовай справаздачы, якая была абнародавана 30 чэрвеня 2026 года, агульная сума ахвяраванняў склала 57,6 мільёна еўра, а выдаткі – 59,8 мільёна еўра. Адзначаецца, што розніца абумоўлена ваганнямі абменных курсаў замежных валют.
У 2025 годзе фонд накіраваў 41,2 мільёна еўра на падтрымку дзейнасці Святога Пасада ў служэнні апостальскай місіі Папы і яшчэ 13,3 мільёна еўра – на рэалізацыю праектаў непасрэднай дапамогі найбольш патрабуючым. Агульная сума вылучаных сродкаў склала 54,5 мільёна еўра.
Паведамляецца, што 63,6 % паступленняў (34 мільёны еўра) забяспечылі дыяцэзіі, за якімі ідуць фонды (23,8 %), прыватныя ахвярадаўцы (10 %) і манаскія супольнасці (2,6 %).
На карысць ініцыятывы “Грош святога Пятра” паступаюць ахвяраванні, якія збіраюцца ва ўсіх парафіях свету з нагоды ўрачыстасці святых Пятра і Паўла і перадаюцца Апостальскай Сталіцы праз папскія прадстаўніцтвы, за выключэннем італьянскіх дыяцэзій, якія перадаюць іх непасрэдна. Іншыя ахвяраванні паступаюць праз банкаўскія пераводы, чэкі, а таксама праз сайт www.obolodisanpietro.va. Акрамя таго, фонд атрымлівае спадчынныя ахвяраванні, якія пакідаюцца паводле завяшчання.
Першае месца сярод краін па аб’ёме ахвяраванняў традыцыйна займаюць Злучаныя Штаты Амерыкі, адкуль у мінулым годзе паступіла 26,1 % ад іх агульнай сумы. Затым ідуць Італія (5,7 %), Бразілія (3,9 %), Рэспубліка Карэя (2,8 %), Германія (2,6 %), Францыя (2,4 %) і Іспанія (2,9 %).
У 2025 годзе былі прафінансаваны 252 праекты ў 74 краінах свету, галоўным чынам у Афрыцы, Азіі і Еўропе. Былі вылучаны стыпендыі для святароў, семінарыстаў і кансэкраваных асоб з Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і Азіі, якія праходзяць фармацыю ў папскіх навучальных установах; аказвалася гуманітарная дапамога насельніцтву Украіны, Сектара Газа і іншых краін; фінансавалася будаўніцтва новых касцёлаў, кляштараў, сацыяльных і пастырскіх структур на розных кантынентах.
“Грош святога Пятра” падтрымлівае таксама служэнне дыкастэрый і іншых устаноў Апостальскай Сталіцы. Агульныя выдаткі структур Святога Пасада ў 2025 годзе склалі 404,5 мільёна еўра. Каля 41,2 мільёна еўра (каля 10 % ад агульнай сумы) было пакрыта за кошт ініцыятывы “Грош святога Пятра”. З агульнай сумы выдаткаў 148,7 мільёна еўра было накіравана на падтрымку мясцовых Касцёлаў, якія знаходзяцца ў цяжкім становішчы, і на патрэбы евангелізацыі.