Новы пасол Францыі ўручыў даверчыя граматы Льву XIV
Марыя Валодзіна - Vatican News
Шарль Персана нарадзіўся 9 кастрычніка 1977 года. У 1999 годзе скончыў Парыжскі інстытут палітычных даследаванняў. У Парыжскім універсітэце “Сарбона” атрымаў дыплом у галіне паглыбленых навуковых даследаванняў па гісторыі, а таксама ступень магістра гісторыі. У 2002-2004 гадах навучаўся ў Нацыянальнай школе адміністрацыі, якая рыхтуе дзяржаўных дзеячаў, дыпламатаў і кіраўнікоў дзяржаўных устаноў.
Перад прызначэннем паслом Францыі пры Святым Пасадзе займаў шэраг адказных пасад у дзяржаўных структурах Францыі, у тым ліку ў Міністэрстве абароны, дзе кіраваў упраўленнем культурных і музейных мерапрыемстваў, захавання памяці, спадчыны і архіваў, а таксама каардынаваў праект дэлегацыі па стратэгічных пытаннях. Быў генеральным сакратаром упраўлення музеяў Францыі (2009-2010), а таксама дырэктарам асацыяцыі па стварэнні Дома гісторыі Францыі (2010-2012) у Міністэрстве культуры.
Пазней узначаліў Нацыянальны інстытут спадчыны (2019-2026), а таксама працаваў у Рахункавай палаце як адказны за сувязі з грамадскасцю ў галіне кантролю грамадскага аўдыявізуальнага сектара (2014-2019).
Узначальваў Фонд школ Усходу – сумеснай ініцыятывы французскай дзяржавы і каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Œuvre d’Orient”. З 2012 году – валанцёр і спецыяльны прадстаўнік “Œuvre d’Orient”.
Пасол жанаты, мае чацвярых дзяцей.