У Ватыкане абмяркоўваюць душпастырства пажылых: пасланне Папы
Марыя Валодзіна - Vatican News
10 чэрвеня 2026 года Зала Друку Святога Пасада апублікавала пасланне Льва XIV за подпісам Дзяржаўнага сакратара кардынала П’етра Параліна з нагоды сустрэчы, прысвечанай душпастырству пажылых людзей. Мерапрыемства было арганізавана Дыкастэрыяй свецкіх, сям’і і жыцця і аб’яднала экспертаў для абмеркавання ролі старэйшага пакалення ў сучасным грамадстве і Касцёле.
У пасланні адзначаецца, што ў сучасным грамадстве старасць – гэта няпросты, але багаты на перспектывы этап жыцця. Сёння ў многіх рэгіёнах свету многія людзі сталага ўзросту могуць прысвяціць яшчэ шмат энергіі для служэння супольнасці. Пра гэта сведчаць разнастайныя формы валанцёрства, якое ў многіх сферах касцёльнага жыцця мае фундаментальнае значэнне. Старасць нагадвае таксама і пра такі глыбокі і важны аспект хрысціянскага жыцця, як каштоўнасць слабасці.
Чалавечая слабасць – гэта частка таго цуду, які мы сабой уяўляем. Яна з’яўляецца фундаментальным элементам чалавечага існавання, нагадваючы пра ўзаемную залежнасць людзей і пра іх патрэбу ў Богу, - гаворыцца ў пасланні Льва XIV.
Папа Францішак казаў пра “магістэрый” слабасці, паводле якога пажылыя людзі становяцца настаўнікамі жыцця для маладзейшых пакаленняў. Іх сведчанне дапамагае пераасэнсаваць каштоўнасць чалавечага жыцця, якое не вымяраецца толькі эфектыўнасцю або самадастатковасцю, а здольнасцю любіць і быць любімымі, дарыць і прымаць. Старасць такім чынам, вызначаецца як час ласкі, які трэба пражываць у малітве, служэнні, пяшчоце і перадачы памяці – як духоўная спадчына для будучых пакаленняў.
У сучасным грамадстве дамінуе логіка прадукцыйнасці і канкурэнцыі. Такое мысленне часта прыводзіць да скажэння паняцця сілы, якая разумеецца як дэманстрацыя магутнасці і мае тэндэнцыю выраджацца ў самаўпраўства і насілле. Мы бачым гэта на міжнароднай арэне, дзе вайна зноў стала шырока распаўсюджаным стратэгічным інструментам, а таксама ў паўсядзённым жыцці, дзе ўсё часцей моц блытаюць з нахабствам, а пакору – са слабасцю.
У гэтым кантэксце Касцёл працягвае абвяшчаць евангельскае пасланне супакою і братэрства. Пажылыя людзі, дзякуючы свайму досведу і жыццёвай мудрасці, з’яўляюцца першымі і найбольш аўтарытэтнымі сведкамі гэтага хрысціянскага бачання чалавека, - гаворыцца ў пасланні.
Напрыканцы ліста кардынал Паралін ад імя Папы пажадаў удзельнікам сустрэчы спрыяць аднаўленню павагі, удзячнасці і пашаны ў адносінах да пажылых людзей, а таксама аднаўлення ў іх адказнасці за перадачу будучым пакаленням здаровых і трывалых каштоўнасцей.