Порт-о-Прэнс (Гаіці) Ілюстрацыйнае фота Порт-о-Прэнс (Гаіці) Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Пасад: умацаваць шматбаковасць і падтрымаць народ Гаіці

Умацаваць шматбаковую дыпламатыю як сродак вырашэння складаных выклікаў, якія стаяць перад амерыканскім кантынентам, заклікаў Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў (ААД).

Марыя Валодзіна - Vatican News

25 чэрвеня 2026 года мансеньёр Хуан Антоніа Крус Серана прыняў удзел у 56-й сесіі Генеральнай асамблеі Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў у Панаме. Ад імя Святога Пасада ён заклікаў да ўмацавання шматбаковасці як асноўнага інструмента вырашэння складаных выклікаў, якія стаяць перад амерыканскім кантынентам.

Дыпламат падкрэсліў, што сапраўдны дыялог, заснаваны на праўдзе і ўзаемным слуханні, здольны спараджаць устойлівыя рашэнні, неабходныя для пераадолення гуманітарных і інстытуцыйных крызісаў у рэгіёне. Ён нагадаў пра гістарычную ініцыятыву Сымона Балівара, які два стагоддзі таму склікаў Панамскі кангрэс з мэтай аб’яднання кантынента, каб разам пераадолець выклікі часу. Гэтая ідэя застаецца актуальнай і сёння, калі краіны амерыканскага кантынента сутыкаюцца з новымі крызісамі, уключаючы сацыяльную палярызацыю, інстытуцыйную нестабільнасць і пагрозы бяспецы.

Прадстаўнік Святога Пасада звярнуў асаблівую ўвагу на гуманітарны крызіс на Гаіці, які ён апісаў як шматгранную праблему, якая ахоплівае гуманітарны і палітычны аспекты, а таксама пытанні бяспекі. Ён заклікаў міжнародную супольнасць і асабліва ААД узмацніць супрацоўніцтва і салідарнасць дзеля падтрымкі насельніцтва гэтай краіны.

Дыпламат таксама адзначыў, што палітычныя рашэнні павінны быць арыентаваныя на чалавека і яго годнасць. Ён падкрэсліў неабходна абараняць свабоду сумлення, думкі і рэлігіі, паколькі гэтыя правы дазваляюць рэлігійным супольнасцям актыўна ўдзельнічаць у сацыяльным, адукацыйным, культурным і гуманітарным развіцці народаў.

24 чэрвеня 2026, 13:15