Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Святы Пасад: для пабудовы міру неабходна развіваць культуру перамоў

Арцыбіскуп Этарэ Балестрэра заклікаў міжнародную супольнасць ставіць мірнае вырашэнне спрэчак вышэй за мілітарызацыю і падзелы паміж народамі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

17 чэрвеня 2026 года Пастаянны назіральнік Святога Пасада пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе прыняў удзел у інтэрактыўным дыялогу з незалежным экспертам па пытаннях правоў чалавека і міжнароднай салідарнасці, які адбыўся ў рамках 62-й чарговай сесіі Рады ААН па правах чалавека.

Прадстаўнік Святога Пасада падтрымаў высновы незалежнага эксперта па правах чалавека і міжнароднай салідарнасці, які заклікае ставіць мірнае вырашэнне спрэчак вышэй за мілітарызацыю і падзелы паміж народамі. Такі падыход адпавядае палажэнням Статута ААН, - нагадаў арцыбіскуп Балестрэра.

Паводле справаздачы, рост колькасці канфліктаў у свеце суправаджаецца скарачэннем фінансавання развіцця, а таксама змяншэннем бюджэтных выдаткаў на ахову здароўя, адукацыю і іншыя сацыяльныя сферы. Асноўны цяжар гэтых працэсаў кладзецца на плечы найбяднейшых, - адзначыў дыпламат.

Прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў, што для пабудовы міру неабходна перайсці ад “культуры моцы” да “культуры перамоў”, заснаванай на салідарнасці і прызнанні таго, што бліжні – не вораг, а такі ж чалавек, як і мы. Братэрства і сацыяльнае сяброўства павінны ляжаць у аснове справядлівых адносін паміж народамі, - зазначыў ён.

Арцыбіскуп Балестрэра звярнуў увагу на высновы справаздачы адносна распаўсюджвання дэзінфармацыі ў сацыяльных сетках і палітычным дыскурсе. Такая тэндэнцыя замацоўвае ўспрыманне людзей іншых веравызнанняў і этнічных груп як “чужынцаў”, што павышае рызыку падбухторвання да дыскрымінацыі і гвалту, а таксама ставіць пад пагрозу мір і салідарнасць, - папярэдзіў іерарх.

Спасылаючыся на энцыкліку “Magnifica humanitas”, арцыбіскуп Балестрэра адзначыў, што дэзінфармацыя існавала і да з’яўлення штучнага інтэлекту, аднак сёння новыя тэхналогіі значна ўзмацняюць яе распаўсюджванне. Здольнасць маніпуляваць кантэнтам, выявамі і відэаматэрыяламі падвяргае людзей уздзеянню прадузятых або зманлівых поглядаў. Пошук праўды з'яўляецца неабходным элементам дэмакратыі і важным сродкам служэння агульнаму дабру, - нагадаў прадстаўнік Святога Пасада.

18 чэрвеня 2026, 10:56