Святы Пасад: абараніць годнасць работнікаў лічбавых платформ
Марыя Валодзіна - Vatican News
1 чэрвеня 2026 года Пастаянны назіральнік Святога Пасада пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе прыняў удзел у дыскусіі на тэму годнай працы ў платформавай эканоміцы. У прамове ён адзначыў, што імклівы рост гэтага сектара стварыў новыя магчымасці для працаўладкавання, але адначасова прывёў да “новых форм нябачнасці і эксплуатацыі” работнікаў.
Абарона чалавечай годнасці і працы
Арцыбіскуп Балестрэра падкрэсліў, што ўсе дыскусіі пра будучыню працы ў платформавай эканоміцы павінны грунтавацца на прынцыпе годнасці чалавечай асобы і працы. Ён нагадаў пра папярэджанне Льва XIV аб тым, што галоўны выклік, звязаны са штучным інтэлектам, мае не тэхналагічны, а антрапалагічны характар.
Пазбегнуць новых форм няроўнасці
Прадстаўнік Святога Пасада звярнуў увагу на этычныя праблемы, якія ўзнікаюць у сувязі з развіццём платформавай эканомікі і штучнага інтэлекту. Ён адзначыў занепакоенасць Апостальскай Сталіцы канцэнтрацыяй кантролю над асноўнымі мадэлямі штучнага інтэлекту ў руках нямногіх кампаній. Як папярэджвае Папа ў энцыкліцы “Magnifica humanitas”, такая канцэнтрацыя ўлады можа спрыяць узнікненню новых форм залежнасці, выключэння, маніпуляцыі і няроўнасці.
Развіццё на службе агульнага дабра
Ватыканскі дыпламат звярнуў увагу на праблемы работнікаў лічбавых платформ, дзе доступ да працы часта залежыць ад аператараў платформы. У выніку работнікі могуць быць вымушаныя плаціць за магчымасць працаваць, а гэта супярэчыць фундаментальнаму прынцыпу, паводле якога работнікі ніколі не павінны плаціць за працу, - нагадаў ён.
Арцыбіскуп Балестрэра заклікаў сацыяльных партнёраў супрацоўнічаць дзеля змякчэння згубнага ўздзеяння новай платформавай эканомікі і гарантыі таго, каб развіццё штучнага інтэлекту служыла агульнаму дабру.