Сонечная электрастанцыя для Ватыкана: падпісаны пратакол з ACEA
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пагадненне, падпісанае 10 чэрвеня 2026 года, грунтуецца на прынцыпах экалагічнай устойлівасці, адказнага выкарыстання рэсурсаў і клопату пра наш агульны дом. Мэта праекта – будаўніцтва аграэлектрычнай станцыі ў экстэрытарыяльнай зоне Санта-Марыя-дзі-Галерыя, на поўначы Рыма, якая будзе забяспечыць электрычнасцю не толькі існуючую там радыёстанцыю, але і ўсю Дзяржаву Ватыкан.
Для рэалізацыі гэтай задачы Леў XIV хірографам ад 1 чэрвеня 2026 года заснаваў Фонд “Брат Сонца” і зацвердзіў яго статут. Новай структуры даручана завяршыць стварэнне агравальтаічнай устаноўкі ў рамках агульнай стратэгіі дасягнення энергетычнай аўтаноміі Апостальскай Сталіцы.
Праект прадугледжвае выкарыстанне інавацыйных і інтэграваных тэхнічных рашэнняў, якія будуць сумяшчаць вытворчасць энергіі з эфектыўным выкарыстаннем рэсурсаў і развіццём тэрыторыі. Пры яго рэалізацыі плануецца ўлічваць крытэрыі экалагічнай устойлівасці на працягу ўсяго жыццёвага цыклу інфраструктуры, у тым ліку скарачэнне выкідаў, рацыянальнае выкарыстанне водных і энергетычных рэсурсаў, ахова глебы і экасістэм, а таксама інтэграцыя з сельскагаспадарчай дзейнасцю.
Удзел кампаніі ACEA абумоўлены высокай тэхнічнай складанасцю праекта, які патрабуе комплекснага падыходу. Будуць улічвацца розныя энергетычныя, водныя, экалагічныя і сельскагаспадарчыя аспекты, а таксама ўзаемасувязь паміж вытворчасцю энергіі, яе спажываннем і кіраваннем рэсурсамі.
Пратакол адпавядае сацыяльнаму вучэнню Касцёла і экалагічным прынцыпам, выкладзеным у энцыкліцы “Laudato si’”, апостальскай адгартацыі “Laudate Deum” і motu proprio “Fratello Sole”, выдадзеным Францішкам 21 чэрвеня 2024 года.
Прававая база для будаўніцтва электрастанцыі і яе падключэння да электрасеткі была вызначана ў Пагадненні паміж Італьянскай Рэспублікай і Святым Пасадам аб агравальтаічнай устаноўцы ў раёне Санта-Марыя-дзі-Галерыя, падпісаным у Рыме 31 ліпеня 2025 года. Дагавор быў ратыфікаваны законам № 52 ад 1 красавіка 2026 года і апублікаваны ў афіцыйным вестніке Італьянскай Рэспублікі № 94 ад 23 красавіка 2026 года.