У Ватыканскіх музеях пройдзе канферэнцыя “Ад Тыбра да Ніла”
Марыя Валодзіна - Vatican News
Мерапрыемства пройдзе ў рамках цыклу “Чацвяргі ў Ватыканскіх музеях” і будзе прысвечана экспедыцыі Папы Грыгорыя XVI у Егіпет, якая адбылася ў 1840–1841 гадах.
У 1839 годзе ў Ватыкане быў заснаваны Грыгарыянскі Егіпецкі музей, у калекцыю якога ўвайшлі старажытнасці, знойдзеныя ў Рыме і ваколіцах, а таксама артэфакты з прыватных антыкварных збораў. Адкрыццё музея зрабіла Рым адным з найбуйнейшых цэнтраў захавання егіпецкай спадчыны ў Еўропе.
Канферэнцыя будзе прысвечана малавядомай, але значнай для развіцця егіпталогіі падзеі – Рымскай экспедыцыі ў Егіпет, арганізаванай у перыяд пантыфіката Грыгорыя XVI. 21 верасня 1840 года тры караблі Папскага флоту пад камандаваннем капітана Алесандра Чальдзі выйшлі з порта Чывітавек’я ў напрамку Александрыі. Асноўнай мэтай экспедыцыі быў пошук алабастру, неабходнага для аднаўлення алтара Базілікі святога Паўла па-за мурамі, які быў пашкоджаны падчас пажару 1823 года. У ходзе дыпламатычных перамоў тагачасны кіраўнік Егіпта Мухамед Алі пагадзіўся перадаць неабходны алабастр у дар Папу.
Акрамя практычнай задачы, экспедыцыя мела і значна шырэйшую даследчую мэту — вывучэнне даліны Ніла, яе старажытных помнікаў, тапаграфіі, прыродных умоў і культурнай спадчыны. На караблях разам з духавенствам і маракамі знаходзіліся навукоўцы розных спецыяльнасцяў – ад мінералогіі і археалогіі да тапаграфіі, гідраўлікі і прыродазнаўчых навук. Іх задачай было дакументаванне егіпецкай спадчыны і збор артэфактаў для новага Егіпецкага музея. Даследаванне стала працягам еўрапейскіх навуковых ініцыятыў пачатку XIX стагоддзя, уключаючы егіпецкую экспедыцыю Напалеона і місіі Шампальёна і Разеліні ў 1828–1829 гадах. Такім чынам, ініцыятыва Грыгорыя XVI стала часткай шырэйшага еўрапейскага навуковага руху, у якім перапляталіся палітыка, археалогія і культура.
Канферэнцыю адкрые дырэктар Ватыканскіх музеяў Барбара Ята. У дыскусіі прымуць удзел куратар Аддзела егіпецкіх старажытнасцяў і Блізкага Усходу Алесія Амента, гісторык і старшыня Італьянскай акадэміі філатэліі Томас Мата і даследчык Рымскага ўніверсітэта “Roma 3” Энрыка Нігрыс.