Кардынал Паралін: не баяцца мужных евангельскіх рашэнняў
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Пасвячэнне адбылося 21 чэрвеня 2026 года ў італьянскім марыйным санктуарыі ў Сармеола-дзі-Рубана, недалёка ад Падуі. Месца для цэлебрацыі было выбрана невыпадкова. Санктуарый знаходзіцца на тэрыторыі цэнтра “Справа Божага Провіду святога Антонія” (Opera della Provvidenza di Sant’Antonio), у якім жывуць і атрымліваюць дапамогу каля 600 людзей з інваліднасцю і іншымі формамі ўразлівасці. Менавіта там біскуп Пегарара яшчэ ў часы вучобы ў семінарыі служыў у якасці ўрача-валанцёра, а цяпер узначальвае ў гэтай установе камітэт па этыцы.
У сваёй гаміліі кардынал Паралін адзначыў, што дзейнасць Папскай акадэміі жыцця і дабрачыннага цэнтра маюць адну мэту – абараняць і падтрымліваць чалавечае жыццё. Акадэмія робіць гэта праз навуковыя даследаванні, а цэнтр – праз штодзённы клопат пра людзей.
Кардынал заклікаў новапасвячанага іерарха не баяцца адкрыта сведчыць пра Евангелле і рабіць дабро. Ён падкрэсліў, што сапраўдная адвага нараджаецца з даверу да Бога, які нястомна клапоціцца пра кожнага чалавека і ахоўвае сваіх дзяцей.
Дзяржсакратар узгадаў нядаўнюю паездку Папы Льва XIV у Іспанію. Ён працытаваў словы Пантыфіка, які заклікаў усіх хрысціян не баяцца смелых евангельскіх рашэнняў, а таксама падкрэсліваў, што сапраўдная вера вучыць чалавека станавіцца на калені не толькі перад Богам, але і перад бліжнім, служачы яму з любоўю і бескарыслівасцю.
67-гадовы біскуп Рэнца Пегарара, ураджэнец Падуі, быў прызначаны старшынёй Папскай акадэміі жыцця 27 мая 2025 года. З 2011 года ён быў канцлерам гэтай установы. Іерарх з’яўляецца экспертам па біяэтыцы, аўтарам шэрагу спецыялізаваных кніг і артыкулаў. У еўрапейскай супольнасці ён атрымаў прызнанне як былы старшыня Еўрапейскай асацыяцыі цэнтраў медыцынскай этыкі (EACME).