Кардынал Герхард Мюлер Кардынал Герхард Мюлер  (REUTERS)

Кардынал Мюлер пра межы ўдзелу свецкіх у Імшы

Былы прэфект Дыкастэрыі веравучэння пракаментаваў паведамленне Дыкастэрыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў адносна таго, хто мае права прамаўляць гамілію.

Ян Глінскі

Кардынал Герхард Людвік Мюлер у каментары, апублікаваным на сайце kath.net, выразна падкрэсліў, што гамілія з’яўляецца інтэгральнай часткай Літургіі Слова, і прамаўляць яе азначае выконваць навучальнае служэнне (munus docendi), якое даручана святарам і дыяканам у сілу іх пасвячэння. Таму яе нельга замяніць пропаведдзю, якую прамаўляе свецкі чалавек.

Як нагадаў іерарх, на Другім Ватыканскім Саборы было падкрэслена, што падчас Святой Імшы літургія слова і літургія Эўхарыстыі “настолькі цесна звязаныя, што ўтвараюць адзіны акт пакланення” (Канстытуцыя аб Літургіі 56), і такім чынам утвараюць адзінства пакланення Богу ў Тройцы Адзінаму. Хрыстус жа прысутнічае ў Касцёле не толькі праз удзяленне святых сакрамэнтаў, але і праз абвяшчэнне Божага Слова.

“Святарская ўлада распаўсюджваецца не толькі на тую частку Імшы, кульмінацыяй якой з’яўляецца складанне ахвяры Хрыстовай і пераўтварэнне хлеба і віна ў сакрамэнтальныя Цела і Кроў Хрыста, але на ўвесь сакрамэнт Эўхарыстыі. Гэта праўда, што набажэнствы, катэхізацыя і цэлебрацыя Слова Божага могуць цэлебравацца як асобныя набажэнствы пад кіраўніцтвам свецкага чалавека, упаўнаважанага біскупам, – напісаў іерарх. – Аднак недапушчальна аддзяляць літургію Слова ад эўхарыстычнай часткі Імшы, дазваляючы, каб першую вёў свецкі чалавек у форме пропаведзі, а другую – пасвечаны святар”.

Былы прэфект Дыкастэрыі веравучэння звярнуў увагу, што нават Лютэр у свой час абвінавачваў Касцёл, што святары і біскупы ўжо не з’яўляюцца перш за ўсё слугамі Слова, а зведзены да ролі тых, хто цэлебруе абрады і святыя Імшы.

“Святарскія паўнамоцтвы не могуць быць адвольна падзелены і дэлегаваны функцыяналісцкім чынам”, – напісаў далей у каментары кардынал Мюлер.

Іерарх звярнуўся таксама да “нямецкіх перакананых пратэстантаў”, якім, на яго думку, “варта не толькі перагледзець сваё стаўленне да служэння Пятровага, але і азнаёміцца з асновамі каталіцкай тэалогіі”, каб “перастаць весці Касцёл у Германіі да разбурэння сваімі ідэалогіямі, перапоўненымі крыўдай і прэтэнзіямі на ўладу”.

26 чэрвеня 2026, 09:54